Марны лёс – спадзявацца на цуды



“Чему бы жизнь нас не учила, но сердце верит в чудеса…” – вершаваныя радочкі Фёдара Цютчава не страчваюць свой надзённы пафас нават у ХХІ стагоддзі!

У іх шмат горычы і праўды жыцця… І хай сабе праўду гэту выказаў класік суседняй нам дзяржавы, смела можам яе прысабечваць, каб пазней адчуць на сваёй скуры, і ў зносінах з суседам, і ва ўнутраным ужытку. Бо падчас спадзяёмся, што суседзі будуць паводзіць сябе мірна, – памыляемся! Бо пра свой край думаем: мы яшчэ ого-го! Мы яшчэ ім пакажам і на словах, і на справе.

Словы прагучалі і ў суседзяў, і ў нас – па чарзе – на самым высокім узроўні. Раптам хтосьці чакаў штосьці новае пачуць – дарма! Рыторыка не змяняецца і сутнасці справаў не змяняе тым болей. Справы выглядаюць і ў нас не найлепшым чынам, а калі зірнуць на крымінальную хроніку, то паступова (і – паспяхова!) набліжаемся да суседскіх стандартаў жорсткасці. Зрэшты, беларускі свет, – ці быў ты калі талерантным насамрэч? Хутчэй – ілюзія. Марна спадзявацца на дабрыню і асвету… Бо ўсё сказалі яшчэ класікі.

Сталічныя праваахоўнікі затрымалі 49-гадовага раней судзімага жыхара Гомельскай вобласці. Таварыш выдаваў з сябе галантнага кавалера і замаўляў сваёй спадарожніцы то каву, то яшчэ што мацнейшае… Тая яму кашалёк свой на 5 хвілін давярала. Не ўпільнавала! Было там зашмат грошай (аж 1000 долараў!), якія “кавалера” спакусілі пайсці ды не вярнуцца. На жаль, да сустрэчы з міліцыяй грошы ён паспеў патраціць на свае патрэбы. Іншая спадарыня скарыстала аналагічную сітуацыю на сваю карысць і была ўжо на іншым баку барыкадаў: яна здымала псоту. “Працавала” з дрэннай энергетыкай наіўных, добрых людзей. Тыя пакідалі ёй свае рэчы (ежу і грошы таксама!). Забраць рэчы было прынцыповай пазіцыяй: адзенне ці завушніцы маглі валодаць дрэннай энергетыкай па накапляльным прынцыпе. Усё разам заважыла на 5000 долараў у эквіваленце.   

“Чему бы жизнь нас не учила, но сердце верит в чудеса…” – падчас наша вера ў цуды пераўтвараецца ў штосьці іншае. Усе адпаведныя сітуацыі словы могуць выйсці за межы цэнзурнай лексікі і крымінальнага кодэксу. Маўчы – будзь хітрым?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ