Мікс падзей і надзей



ВУП Беларусі за бягучы год – студзень-лістапад – вырас на 1, 1%, але гэта не ратуе нашу сітуацыю: бяром пазыку ў кітайцаў на 3, 5 мільярды юаняў… Ці ўратуюць нас гэтыя грошы?

Варта пакінуць пытанне спецыялістам з іншых сфераў… Зрэшты, эканоміка ў нашых шыротах нармалёва не працуе, то і спрагназаваць штосьці дакладна – на мяжы фантастыкі. У нас увогуле краіна такая – яна заўжды на мяжы… Паміж чырвонымі і белымі, паміж грашыма і беднасцю, паміж явай і сном. Асабліва востра гэта адчуваеш восенню, але сёлетні снежань – такі сабе працяг лістапада-кастрычніка. Тая ж восень.

Ні зімы, ні снегу, ні навагодне-каляднага настрою. Суцэльны памежны стан… Сіноптыкі абяцаюць мінус 5 пад Новы год, але без снегу… То запальвайце ўнутраныя лямпачкі пазітыву, які спатрэбіцца ў любым выпадку. Пэўна ж, без праблемаў у жыцці і моцных маразоў ужо ў 2020-м не абыдзецца… Чакаем, рыхтуемся, трымаемся… Бадай, надвор’е за вокнамі спрыяе толькі аўтамабілістам, раварыстам і пешаходам.

Вось з цягнікамі так здараецца не заўжды. Днямі хуткі цягнік Менск-Гомель №708 зламаўся. Пару соцень пасажыраў з 14 вагонаў пахапалі свае рэчы і аператыўна выйшлі. Эвакуацыя. Усхваляваныя галасы правадніц… Хтосьці чуў моцны выхлап – што гэта было? Ніхто нікому нічога толкам не растлумачыў. Надзвычайнае здарэнне. Бывае. У рэшце рэшт, усе пасажыры даехалі да Гомеля і трапілі дадому.

Іншая справа, што людзі страцілі час і грошы… Прыйшлося браць таксі, бо грамадскі транспарт ужо не хадзіў. Усім пасажырам абяцалі кампенсацыю. Сякую-такую капейчыну выплацілі. Жывучы ў Беларусі перыядычна адчуваеш сябе пасажырам цягніка, які едзе праз адвечныя туманы, псуецца, тармазіць, спазняецца, а ты ўсё чакаеш святло ў канцы тунэлю, пэўнай кампенсацыі, прасвету… Хіба сарваць стоп-кран і перасесці на іншы цягнік? Але ж ты не адзін у свеце бягучых падзей і надзей…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ