Мір, праца, май?



Мір? Здаецца, так! Праца? Безумоўна – грэх не скарыстаць “вялікія” выходныя ды не пасадзіць бульбу (і некаторыя іншыя сельскагаспадарчыя культуры)! На конт месяца мая бяруць сумневы – надвор’е ўсталявалася гарачае, літаральна летняе…

І гэтаму пасля зацяжной і марознай зімы можна толькі парадавацца! То радуемся і разважаем… пра грошы. Бо калі не жаліцца на няўстойлівае і папросту дрэннае надвор’е, то цяжка знайсці тэму для свецкай размовы пасля доўгіх – такіх сабе зацяжных! – выходных. Асабліва калі вы не змаглі выбрацца з роднай старонкі кудысьці да мора або хоць сабе ў Вільню ці Беласток – на шопінг… Зрэшты, любыя вылазкі патрабуюць грошай.

Праўда, у Беларусі выраслі пенсіі і бюджэт пражытковага мінімуму… Памер дзіцячай дапамогі – таксама. Адпаведны Указ кіраўнік дзяржавы падпісаў 26 красавіка. Рост пенсій тлумачыцца «ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў». Цытата з афіцыйнай хронікі.

У сярэднім пенсіі выраслі на 5,4%. Разам з пенсіямі павялічыўся і сярэдні бюджэт пражытковага мінімуму. Да 31 ліпеня ён будзе складаць 206 рублёў і 58 капеек. У сувязі з павелічэннем БПМ падвышаецца і памер адзінаразовай дапамогі за нараджэнне дзіцяці і штомесячных выплат на дзіця (ад 50% да 120% БПМ).

Можа, беларусам варта ўжо вывучаць звычкі насамрэч заможных людзей? Іх 10 паводле інфармацыйнага агенцтва Delfi.lv. Заможныя набываюць былыя ў карыстанні рэчы, недарагое (у параўнанні са сваімі рэальнымі прыбыткамі) жытло і рэчы не на адзін сезон (то бок таннае не заўжды эканомна – зусім наадварот!) Заможныя чакаюць добрых (чытай – выгодных!) прапаноў, карыстаюцца зніжкамі і плануюць свой бюджэт. Яны ашчадныя. Інвестуюць у рэальныя актывы. І два апошнія – прынцыпова важныя! – моманты. Заможныя людзі не выглядаюць заможнымі (якая розніца, колькі гадоў маім кедам, калі яны бачылі Лондан і Парыж?) і… не ідуць на пенсію. Па той простай прычыне, што маюць сваю цікавую справу і не жадаюць развітвацца з ёй.

Пэўна, суайчыннікам перадпенсійнага ўзросту прыйдзецца браць з апошняга прыклад… Па той простай прычыне, што на беларускую пенсію не пражывеш – хай сабе і на падвышаную!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ