Мірнае засваенне новых “тэрыторый”
Прамінулы тыдзень быў дастаткова халодным і спакойна падвёў беларусаў да першага верасня. Хтосьці ўжо пачаў капаць бульбу, хтосьці рыхтаваўся да школы, а хтосьці жыў палітыкай – усё па-рознаму на розных узроўнях.
Менскі саміт не змог спыніць вайсковыя дзеянні на ўсходзе і поўдні Украіны, хоць пэўныя надзеі на сустрэчу Парашэнкі і Пуціна ўскладаліся… Пэўна, камусьці вельмі хочацца новых тэрыторый і сфер уплыву, а людзі – проста расходны матэрыял. І вось ужо самы адназначна не дэмакратычны палітык адной супярэчлівай еўрапейскай краіны становіцца не такім і адназначным. Аказваецца, з ім можна сустракацца і весці перамовы, бо праявіў свае нечаканыя якасці іншы, з якім стала немагчыма размаўляць. Чалавек з іншай рэальнасці. Чалавек ніадкуль па сутнасці. З марамі пра новыя тэрыторыі…
2014 год перакуліў з ног на галаву ўяўленні простых і няпростых смяротных калі не пра міжнороднае права, дык пра добрасуседскія адносіны дакладна… Дзякуй аднаму юрысту і процьме журналістаў за гэта! Працягваем жыць з супярэчлівымі ведамі і пачуццямі. Абы не было вайны… У нас пакуль няма.
Уладзімір Пуцін узнагародзіў Аляксандра Лукашэнку ордэнам Аляксандра Неўскага – падаруначак да юбілею “калегі”. Юбіляр у сваю чаргу падпісаў чарговы ўказ: дакумент рэгулюе прававы статус грамадзян Украіны на тэрыторыі Беларусі. І дае ім палёгку пры працаўладкаванні ды вучобе. Указ быў прыняты ў сувязі з вялікай колькасцю бежанцаў з Луганскай і Данецкай абласцей Украіны ў Рэспубліку Беларусь. Нурсултан Назарбаеў тым часам “падстрахаваўся” і заявіў, што Казахстан можа выйсці з Еўразійскага эканамічнага звяза, бо не можа знаходзіцца ў дрэннай кампаніі… Дакладней, у той арганізацыі, што будзе ставіць пад сумнеў суверэнітэт Казахстана. Мікалай Статкевіч – былы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – самастойна вывучае ў турме ангельскую мову…
Колькі моваў ты ведаеш, столькі разоў ты чалавек… Гётэ меў рацыю.
І заўжды ёсць выбар – або распачаць вайну 1 верасня, або пайсці ў школу. Ці то ў якасці вучня, ці то ў якасці настаўніка. У любым выпадку, школы, мовы, навука – гэта мірнае засваенне новых тэрыторый. Пазітыўнае.