Млыны і млынары



Халадэча. Шэрань. Другая палова кастрычніка – не самы аптымістычны і вясёлы перыяд!

І падчас ты сам не ведаеш, што можаш зрабіць увосень на фоне эпідэміі каронавірусу і няпростай грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Застаецца рабіць тое, што можаш. Класіка жанру.

Спадар Францішак Жылка напісаў і выдаў кнігу пра беларускія млыны – сабраў усю інфармацыю пра іх мінулае і сучаснасць. І ён жа стварыў адзіны ў Беларусі музей млынарства ў аграгарадку Жодзішкі на Смаргоншчыне. Двадцаць пяць год таму тут пачалося аднаўленне вадзянога млына. У нашы дні млын не толькі поўнасцю адноўлены і працуе, але ў ім створаны адзіны ў краіне музей вадзянога млына 18 стагоддзя.

Прэзентацыя новай кнігі «Млынарства ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць» адбылася днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (https://rh.by/2021/10/13/zhylka-mlyny/ ). Галоўная мэта напісання кнігі – захаваць стан млынарства ў Беларусі на пачатку 21 стагоддзя. На жаль, многае разбураецца і знікае назаўжды. Аўтар апісаў у кнізе больш за 150 вадзяных млыноў, размясціў звесткі пра конныя, пара- і парагенератарныя і ветраныя млыны. Сапраўдная энцыклапедыя айчыннага млынарства! Дарэчы, дыхтоўна выдадзеная і цудоўна праілюстраваная.

Аўтар не паддаўся на ўгаворы выдаць сваю кнігу на рускай мове (маўляў, будзе мець большы поспех у чытачоў!) і выдаў фаліянт на мове продкаў, што стваралі ўсе гэтыя цудоўныя млыны. Важна заставацца сабой на скрыжаванні вятроў пад назвай Беларусь? Так, але Францішак Жылка заўважыў, што яму было прасцей знайсці адпаведныя тэхнічныя і тэхналагічныя тэрміны (а іх у кнізе вельмі шмат) на роднай мове: беларуская насамрэч багатая на адпаведную лексіку.

Не ведаеш, што зрабіць? Напішы і выдай кнігу пра тое, што ведаеш добра, што баліць, што радуе… Бадай, многім беларусам гэта і дапамагае ўтрымацца на халодных скразняках гісторыі. Рабіць сваё тут. Упарта і настойліва.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ