Можа, так і трэба?
Восень – работ восем! Пара збіраць ураджай і падцягваць шматлікія “хвасты”. Мы, беларусы, любім расцягнуць задавальненне: дзе восень – там і зіма! То буракі, то лён, то кукуруза… А тынкоўка ў снег і мароз – увогуле святая справа! Задача пастаўлена – задача павінна быць выканана. Усё. Якім коштам? За кошт чаго (каго)? Пытанні другасныя.
На ўсю Беларусь прагрымела гісторыя пра тое, як Гомельшчына ратавала ўраджай ільну рукамі студэнтаў-“батанікаў”. Пасля таго, як “ініцыятары” выезду ў поле атрымалі па шапцы зверху, канцэпцыя талакі раптоўна змянілася і з “абязалаўкі” стала душэўным парывам працоўных масаў. Інтэрнэт-партал Tut.by выправіў сваіх карэспандэнтаў на такі аўральны збор кукурузы ў Буда-Кашалёўскім раёне Гомельшчыны.
Там кукуруза літаральна прападала і рабочыя збіралі яе рукамі: тэхніка па забалочанай глебе не прайшла б, а людзі… Што з імі зробіцца? Снежань месяц? Нічога страшнага – не люты (і не люты мароз)! 2 га пачаткаў павінны сабраць. Самае цікавае, што ніхто асабліва не абураецца – ці то лён ратаваць трэба, ці то бульбу, ці то кукурузу… Ідуць, працуюць, моладзь яшчэ сэлфі паспявае рабіць! І тут пачынаеш думаць, што гэта – парушэнне правоў працоўных? Фаталізм? Сквапнасць? Кукурузы шкада, а здароўя і часу людзей – зусім не. Ім самім не шкада. Вось так і жывём…
Штогод 10 снежня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень правоў чалавека. У працы на свежым паветры няма нічога дрэннага, калі такая праца мае здаровы сэнс. Можна доўга разважаць на тэму правоў і абавязкаў. Пажадана пазбегнуць крайнасцей! Пенсіянерка са Столінскага раёна ратавала ўраджай капусты з карысцю для сябе. Разам з таварышкамі жанчына хвалявалася, што ўраджай прападае… У прыватніка. Сабраць дапамаглі аж тры тоны (і прадаць). Уладальнік чамусьці быў супраць.
Дбаючы пра свае правы, шаноўныя, не забывайцеся пра правы іншых грамадзянаў, пра крымінальную адказнасць і… “стакгольмскі сіндром”.