Можна скінуцца рублём!



Застаў дурня Богу маліцца і… Працяг гісторыі вы можаце прачытаць у навіновай хроніцы, прысвечанай аднаму вядомаму кляштару.

Моцнага прымусу не было, зусім наадварот, але мы ўжо схадзілі ў храмы, ходзім на спартовыя матчы, суботнікі, а напераде – Радаўніца і парад… Насычанае свецкае жыццё на дзяржаўным узроўні. Бадай, такая надзвычайная грамадская актыўнасць увогуле для хобітаў усходнееўрапейскага лесу – то бок беларусаў! – нехарактэрная. Можам, аказваецца! Менавіта тады, калі можна было б абысціся без усёй гэтай помпы.

Адзін з самых відавочных узораў неўраўнаважанасці – наша школа… То носім маскі, то – не. То ўводзім дыстанцыёнку, то – не… Пальчаткі. Вось гэта насамрэч шыкоўны момант – парада ад Міністэрства аховы здароўя правяраць сшыткі ў пальчатках. Потым іх герметычна запакаваць і выкінуць. І пажадана перавесці навучальны працэс і праверку заданняў у электронны выгляд… Праз нейкі час чуем мантру ў адказ з Міністэства адукацыі: у адпаведным кодэксе няма дыстанцыйнага навучання, таму і ўвесці яго не можам. Суцэльная блытаніна.

На месцах усё вырашаецца так, як вырашаецца… У індывідуальным парадку спрацоўвае чалавечы фактар. Пытанне застаецца адно. Профільныя міністэрствы не нясуць усёй адказнасці… Для чаго яны працуюць увогуле? І калі медыцына спраўляецца лепш, чым можна было б у нашай дзіўнай краіне, то адукацыя, пэўна, зламалася пад грузам ранейшых рэформ і рэформачак. Зрэшты, хто хоча вучыцца, той будзе вучыцца… Славуты чалавечы фактар.

Астатнія рвануць на суботнік. Нават медыкі… На шчасце для хворых, дактарам і медсёстрам дазволілі не кідаць пацыентаў у надзвычайнай сітуацыі – могуць скінуцца рублём. І на тым дзякуй!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ