Музыка або палітыка?



Дзіўныя рэчы адбываюцца ў свеце. І з моцнымі свету гэтага. Беларусь не выключэнне… Наадварот, нашы ўлады вырашылі стаць лідарамі сярод дзівакоў.

Савецкі досвед паказаў, што кнігі і музыка надзейна пераключаюць падданых на свет глыбокай унутранай эміграцыі. Прыдумай сабе святло, што называецца! Людзі і прыдумалі сустрэчы ў дварах ды шпацыры на свежым паветры. Шпацыр зусім не азначае – мітынг, ён можа прыняць форму экскурсіі па гістарычных мясцінах. У прыватнасці, гэта здарылася 8 лістапада ў Полацку: людзі сабраліся на традыцыйную бясплатную экскурсію, а пасля яе заканчэння тры праваахоўнікі ў штацкім затрымалі шэсць мужчын іншых прафесій. То бок паслухалі расповед пра гісторыю горада ды зрабілі высновы. Ні лозунгаў, ні сімволікі заўважана не было. Што ж парушылі месцічы?

Днямі раней – ужо ў сталіцы – падчас вулічнага канцэрту ў дварах затрымалі гурт “Рэха”. Яшчэ раней, на іншым вулічным канцэрце затрымалі саксафаніста Паўла Аракеляна. Усе пералічаныя мерапрыемствы праходзілі на свежым паветры, што значна зніжае вірусную нагрузку, звязаную з каронавірусам… У чым сутнасць прэтэнзій? Няпроста гэта зразумець, шаноўныя. Не зайшла экскурсія-шпацыр (хіба змерзлі?) Не спадабалася музыка? Бадай, найлепшы адказ даў сваім вершам-песняй затрыманы Андрусь Такінданг:

Казалі сябры, казалі суседзі: Францішак, навошта з Полацку едзеш? Стартап не надзейны, не варта і брацца. Завязвай, браце, з гэтым дзівацтвам. Патрэбна каму твая родная мова? Патрэбна каму друкаванае слова? Не тыя часы, не тыя ўмовы, Народ не гатовы.

Фінал песні аптымістычны. Наколькі можа быць аптымістычны верш беларускага паэта. Ок, вернемся ад вершаў да прозы жыцця. Самы прымітыўны аналіз паказвае: не будуць людзі думаць пра музыку, гісторыю ды іншую вусную народную творчасць – пачнуць (працягнуць) думаць пра палітыку, эканоміку ды іншыя рызыкоўныя матэрыі. Варта?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ