Музыка восені



Галоўны сіноптык краіны паабяцаў нам усім цеплыню бабінага лета (не падмануў!) і сышоў з пасады на такой цудоўнай ноце. Вярнуцца не абяцаў.

Гэта супала з некоторымі гучнымі крытычнымі заявамі ўлады ў бок сіноптыкаў. Выпадкова? Невыпадкова? Маем што маем – цудоўнае надвор’е! У дадзеным выпадку усе прагнозы Белгідрамета спраўдзіліся на 100%. За вокнамі цёпла і сонечна, застаецца радавацца жыццю і выбірацца часцей з дому, пакуль ёсць такая магчымасць. Магчымасць такая згодна з развітальным метэа-прагнозам ад Дзмітрыя Рабава застаецца да канца верасня (дзякуй скандынаўскаму антыцыклону!), таму ёсць шанец адзначыць чарговы Дзень народзінаў М. К. Агінскага ў Залессі без дажджу.

25 верасня ў Залессі на Смаргоншчыне чакаюцца дзве цікавыя імпрэзы з удзелам мэтра Міхаіла Фінберга. ІV Свята камернай музыкі „Вяртанне Паўночных Афінаў” з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга – нумар раз. Гістарычны канцэрт „Міхал Клеафас Агінскі: шлях да музычнай Бацькаўшчыны”, які пройдзе ва ўнутраным дворыку палаца, – нумар два. Уваход на абодва мерапрыемствы вольны.

Такі сабе падарунак усім аматарам класічнай музыкі ўвогуле і музыкі Міхала Клеафаса Агінскага ў прыватнасці… Шыкоўны падарунак, дарэчы! На жаль, яму не хапіла рэкламы і нават афішу ў музеі-сядзібе чамусьці не аформілі… Дзіўна – чаму? Касцюмаваны баль “Поры году” анансаваўся і піярыўся некалькі месяцаў. Недапрацоўка! Будзем спадзявацца, яна не перашкодзіць усім сябрам Агінскага традыцыйна сустрэцца ў Паўночных Афінах 25 верасня! Надвор’е за вокнамі – шыкоўнае.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ