На парозе стаіць восень…
На парозе стаіць восень… Верасень… Якіх пераменаў чакаем?
У тэставым рэжыме запрацуе база дадзеных не занятых у эканоміцы грамадзянаў…
АРІП завершыць рэфармаванне свайго дрэва паслуг…
Падаражэюць некаторыя маркі цыгарэт…
Для пенсіянераў спыняе дзеянне зніжка на праезд у электрычках, а “піянеры” пойдуць у школу… Пачынаецца новы навучальны год і – хочацца верыць! – абыдзецца без маштабных рэпрэсій… Выбачайце, абмовілася па Фрэйду! Рэформ!
Едзем далей… Кампанія “Белтэлекам” следам за Velcom ды МТС падвышае кошты… І вось тут з’яўляецца навіна па тэме, якая дае шанец ашчадзіць грошы і час. Павялічыліся продажы мабільных тэлефонаў на пімпачках – не смартфонаў! Продажы кнопкавых тэлефонаў без доступу ў інтэрнэт выраслі на пяць працэнтаў за 2017 год – перадае Sky News. Тым часам продаж смартфонаў павялічыўся толькі на 2%.
Тэхнічная рэвалюцыя наадварот? Прычына? У людзей трохі змяніліся прыярытэты. З’явілася стомленасць ад кругласутачнай дасяжнасці сацыяльных сетак. Спажыўцы сеціўнага кантэнту прынцыпова агароджваюць сябе ад жадання праверыць абнаўленні ў Instagram або Facebook – набываюць мадэлі без доступу ў інтэрнэт. Fox News рапартуе: сярэдні карыстальнік правярае навіны на смартфоне кожныя 12 хвілін. Іншае даследаванне падлічыла: 78 працэнтаў брытанцаў не ўяўляюць свайго жыцця без тэлефона.
Тэлефоны на пімпачках – з’ява не настолькі трывалая, каб казаць пра моцны і ўстойлівы трэнд, але яна дае надзею, што чалавецтва зможа жыць рэальным жыццём і ашчаджаць рэсурс і фінансавы, і часавы. Пажывем – пабачым, ці стане модным “бабуляфон” – новае слоўца пакалення next пра тэлефоны з пімпачкамі.