На пенсію, на пенсію!
Паварыха цёця Маня не хацела ісці на пенсію… Не, яна збіралася ўжо год дваццаць на тую самую страшную пенсію, але ўсё гэта было не насамрэч.
Жыць на пенсіі сумнавата, а школа – вясёлы тарарам! Так, паварыха цёця Маня працавала ў школе… І вось наляцела чарговая праверка з санстанцыі… Цёця Маня хапалася за сэрца і бажылася: “Апошні раз, апошні раз я трываю гэта бязладдзе! Сыходжу, дарэжэнькія, сыходжу!” На пенсію.
Абышлося. Не першы раз атрымалася антысанітарыю і парушэнні ў меню спісаць на падначалены персанал сталоўкі. Звольнілі іх, а дырэктар прыйшоў прасіцца, каб выручыла цётухна, пабыла яшчэ годзік… Спадару дырэктару нельга было адмовіць, а падначалены персанал быў набраны са “сваіх”, удзячных, – і яны ведалі, каму і за што варта быць удзячнымі. Беспрацоўнымі быць… сумнавата.
Школьнікам і настаўнікам зусім не хацелася заходзіць у сталоўку, але што зробіш? Рэжым… Дзяжурствы… Праўда, есці развараныя макароны – справа адна, а хваліць іх – справа зусім іншага парадку! А цёця Маня раптам вырашыла, што яе кухарства незаслужана забытае і пакінутае без кампліментаў… Маўляў, моцную гарбату шкодна піць і макароны аль дэнтэ хай ядуць італійцы, а нам (вам, таварышы вучні ад 1 да 11 класа!) развараныя – самы цымус! Ешце і пахвальвайце паварыху, бо іншай няма і быць не можа… З апошнім патрабаванне кампліментаў не хацелі пагаджацца ні першакі, ні выпускнікі… Зладзілі байкот і адмовіліся ад ежы ды пітва, не пагаджаліся разумець, што “старый друг лучше новых двух…” У віхуру вайсковых дзеянняў былі ўцягнутыя вучні, педагогі, адміністрацыя, тэхнічкі, бабулі і дзядулі… Нават начальства з раёна і санстанцыя! Паварыха цёця Маня не хацела сыходзіць: ёй было страшна.
Жыццё цудоўнае нават на пенсіі. Галоўнае не псаваць яго ні сабе, ні людзям… Можна чытаць дэтэктывы, рабіць па кілішку з суседкай… І ўвогуле, цётцы Мані вельмі дапамог школьны псіхолаг – малады спецыяліст. Жыццё працягваецца.