На што мы права маем?



10 снежня нагадвае нам пра права чалавека заставацца чалавекам у любых абставінах, незалежна ад колеру скуры, узросту, узроўню адукацыі і стану здароўя… Або не?

Бо як можна патлумачыць тое, што ты патрэбны дзяржаве, пакуль ты малады і здаровы, а калі сыходзіш на пенсію, то ўжо зусім не патрэбны ні дзяржаве, ні сваім блізкім, калі яны ўспрымаюць устаноўкі дзяржавы пра тое, што… Чытай вышэй. Але. З цягам часу кожны чалавек пераўтвараецца з паспяховага доктара, інтэлігентнага педагога, брутальнага міліцыянера або моцнага палітыка проста ў чалавека… на пенсіі. Міліцыянеру і чыноўніку ў Беларусі збольшага на тое самае загадкавае жыццё на пенсіі хапае, а вось інтэлігенцыя… Добра, калі мінімум здароўя маецца і падпрацоўка ёсць, а калі не, то будзеш залежаць выключна ад сям’і. І добра, калі сям’я памятае пра былыя заслугі, бо партыя і дзяржава – адназначна не! Пацверджана ў баявых умовах не раз і не два.  

Што рабіць, калі ты хварэеш у Беларусі з самага дзяцінства? Можаш радавацца, што нарадзіўся не ў Зімбабвэ або Нігерыі ды засмучацца, што не ў Штатах, Германіі або Італіі. Такая пазіцыя ўраўнаважвае, дазваляе трымаць душэўны баланс, але не дае рухацца наперад. У Беларусі маецца 150 СМА-пацыентаў, якія змагаюцца за тэрапію і не маюць яе. Па розных прычынах прэпараты, што ратуюць жыццё дзяцей і дарослых, не трапляюць да патрэбнай катэгорыі тых самых дзяцей і дарослых. То зацікаўленасці чыноўнікаў няма, то рэгістрацыі, то грошай… На апошнім этапе мы і падвіслі, на этапе грошай.

Але! Маем важны прэцэдэнт – пацыентка з горада Баранавічы Вольга Ціунчык прайшла ўсе неабходныя інстанцыі і атрымала рацэпт на рысдыплам – прэпарат, які можа затармазіць СМА і выратаваць маладую жанчыну ад апарата ШВЛ у будучыні. Прэпарат яна павінна набыць за свае грошы або за грошы спонсараў. 248 тысяч долараў за гадавы курс (+30% НДС). Набыць можна ў Грузіі. У Ізраілі – даражэй. Грошай у бюджэце Беларусі няма на такія лекі, але цяпер наша чынавенства ад медыцыны ў прыватнасці прызнала – лекі працуюць, яны існуюць, яны патрэбны пацыентам. Прагрэс.

Дзякуй і на тым. Было б цудоўна, каб не толькі медыкі маглі шчыра акрэсліць нашы праблемы. Бо менавіта гэта – першы крок да іх вырашэння ў будучыні.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ