„На вяргіні да Міхала”
Беларусь стала багатай на летнія фэсты! То Вялейка, то Браслаў, то Ракаў… Вось і ў Залессі на Смаргоншчыне прайшоў ужо другі фестываль “Вяргіні да Дня народзінаў Міхала”.
І калі ў мінулы раз гасцей з плэнэру дождж прагнаў, то сёлета надвор’е святу паспрыяла – цеплы сонечны дзень сабраў шмат гасцей ва ўтульным унутраным дворыку сядзібы М. К. Агінскага і на інтэрактыўных пляцоўках побач з ім. Было шмат цікавостак і пачастункаў на любы густ – ад класікі да джазу…
Салісты ансамбля “Вытокі” прэзентавалі днём у канцэртнай залі праграму “Міхал Клеафас Агінскі і Станіслаў Манюшка ў кантэксце рамантызму”, а джазавы дуэт “Tea for two” – сумесь з джазу, блюзу і рок-н-ролу ўжо ўвечары.
Праўда, не ўсе аматары паслухаць джаз пратрымаліся да фіналу, бо паміж класікай і джазам утварылася занадта вялікая паўза, запоўненая іншымі – безумоўна, харошымі! – мерапрыемствамі. Бадай, было б здорава ў наступным годзе трохі сціснуць праграму або распісаць яе пакрокава, каб народ лепш сарыентаваўся і арганізаваўся. Шкада было бачыць амаль пусты дворык у фінале свята… У астатнім было цудоўна – насамрэч аксамітны летні вечар ахінуў сядзібу і яе гасцей! Супрацоўнікі музея таксама прыязна віталі сяброў Міхала, за што ім шчыры дзякуй!
Фішкай фэсту стала кветкавае дэфіле… Пані і паненкі розных узростаў дэманстравалі свае ўборы, упрыгожаныя рукамі мясцовага майстра Анастасіі Сапач. Не абмінеш і двубой на шаблях… І сувеніры ды смакі залескіх гаспадыняў… А міжнародны мастацкі плэнэр, які праходзіў у маёнтку, нагадаў у чарговы раз пра беларуска-літоўскія сувязі і традыцыі.
У прыватнасці, мы моцна супадаем гістарычна ў сваёй любові да прыгожых кветак і дагледжаных сядзібаў. І гэта тое, пра што варта памятаць, калі раптам адчуеце камунальныя пахі… Выбачайце, настальгію па імперыі ў тым ці іншым выглядзе… Імперыі, ад якой Агінскаму прыйшлося збегчы ў цудоўную, але чужую Фларэнцыю, кінуўшы свае любімыя вяргіні.