Найлепшы ньюсмейкер – снег!
“У Беларусі выпаў першы снег!” – навіновая стужка ў сацыяльных сетках радуе прыгожымі фота і відэа! Снег, мароз, галалёдзіца і моцны вецер – тая пазітыўная навіновая павестка, якае дае шанец воку і вуху неабыякавага беларуса адпачыць, бо абыякавы ўвогуле навінаў не чытае. Навошта?
Па-першае, заўжды ёсць чарка, скварка, свая гаспадарка, а па-другое, тыя навіны ў нашы дні яшчэ пашукаць трэба, добра пашукаць. Усё заблакавана і забаронена, забаронена і заблакавана. Суцэльны “экстрэмізм” або дзяржаўная прапаганда – і як тут знайсці баланс? Таму здорава паразмаўляць пра надвор’е. Стварае ўражанне нармалёвага жыцця.
Два невялічкіх заводзікі па вырабе самагону ліквідавалі днямі на Маладзечаншчыне, чытаем на сайце “Рэгіянальнай газеты” са спасылкай на Маладзечанскі РАУС. Першы бровар “праявіўся” ў завулку Сонечным (хароша гучыць у шэрым лістападзе!) Гаспадар патлумачыў міліцыянерам, што самагон рабіў для сябе… 780 літраў напою ды яшчэ тры тоны брагі ў пластыкавых бутлях. Не паверылі.
Не чакаў “гасцей” і беспрацоўны 30-гадовы жыхар вёскі Маліноўшчына, які наладзіў нелегальную вытворчасць моцнага напою надалёка ад буйнога спіртагарэлачнага завода. Амаль сумесная вытворчасць. Для сябе тут мелася каля васьмі тон брагі і само абсталяванне для вытворчасці моцнага напою. Гаспадар мае яшчэ нясплочаны штраф за прамінулую сустрэчу з міліцыяй. Незванный гость хуже татарина, як кажа ўсходні сусед… І гэта праўда. Распачаты адміністрацыйны працэс па артыкуле 13.27 КаАП. Бадай, снег і самагоншчыкі – гэта самыя пазітыўныя ньюсмейкеры нашых дзён… Зрэшты, у далёкім Аўганістане талібы забаранілі здымаць жанчын у серыялах – застаецца радавацца, што хоць такія праблемы абмінулі Беларусь. У нас жанчына не пабаялася пайсці на выбары… Не ўсім мужчынам гэта спадабалася… І ўсё ж – не Аўганістан! Парадуемся.