Наша „Агінтыяна”



Свята “Вяртанне Паўночных Афінаў”, прымеркаванае да дня народзінаў М. К. Агінскага, – мерапрыемства ўжо традыцыйнае для Залесся на Смаргоншчыне. Традыцыйным стаў і прыезд маэстра Фінберга ў Паўночныя Афіны… Сёлета штосьці пайшло не так.

Шыкоўны вераснёўскі вечар. Спакой і цеплыня літаральна разлітыя ў паветры. Ідылія. Класіка жанру! Не хапае толькі гукаў класічнай музыкі побач з палацам… Падыходзіш бліжэй і чуеш з дынамікаў: «Вставай, страна огромная!» Становіцца ясна, што класічнай музыкай тут сёння і не пахне… Дзіўныя рэчы… О, зразумела: аркестр Міхаіла Фінберга зрабіў праграму да 75-годдзя вызвалення Беларусі… Але ці дарэчы яе паказваць у музеі-сядзібе М. К. Агінскага? Ладна, дзякуй, што «Кацюшу» на беларускую мову пераклалі… Але навошта слухачам, традыцыйна настроеным на класіку і тэму Агінскага інфармацыя пра юбілеі Алы Пугачовай і Валерыя Лявонцьева?! Добра, пацерпім, класічную музыку пачуем у другім аддзяленні… Пэўна… А другога аддзялення проста не было. Праз 30 хвілін пасля пачатку канцэрта спадар Фінберг ні з пушчы ні з лесу сказаў усім «да пабачэння!» І што гэта было? Дрэнны настрой? Благое самаадчуванне? Не прынцыпова. Гэта ў першую чаргу непавага да гледача. Што б там ні здарылася, але аркестр не павінен пераўтварацца ў тэатр аднаго актора.

Надвор’е шыкоўнае, процьма народу… Народ здзівіўся і разышоўся. Хто – дадому, а хто – рабіць фотасэсіі… Апошнія дні лета шкада губляць. Такое адчуванне, што цёплы верасень нам далі “зверху” за пакуты халоднага і дажджлівага беларускага ліпеня. Застаецца радавацца і спадзявацца, што калісьці Смаргоншчына будзе мець вартыя канцэрты на свежым паветры. Нешта падобнае на „Мацэрціяну” ў Гданьску. Саманадзейна? Так, але назва ўжо маецца – прапанова ад паэтэсы Алы Клемянок – Агінтыяна! Гучыць у духу сапраўдных Паўночных Афінаў!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ