Навіны нашай краіны



Апошнім часам навіновая стужка Беларусі гучыць як фельетон.

Доктар вяртаецца вечарам з дзяжурства – і яго затрымлівае АМАП…

Аднагрупнікі сярод белага дня ідуць на каву (абмеркаваць магістэстэрскую працу!) – іх затрымліваюць людзі ў цывільным…

Крама Symbal.by з-за наездаў санстанцыі і міліцыі на няправільныя майкі (пра густы спрачаюцца?) вырашыла зачыніцца, народ рвануў набыць штосьці са зніжкай, стаў у чаргу – і да крамы пад’ехаў аўтазак… Хто не разбегся – той вінаваты: людзей пачалі затрымліваць.

На летні горад пачало насоўвацца нешта незразумелае і шэрае, тое, што жартаў не разумее. Дзіўныя рэчы. Мо, не варта было жартаваць? Прынты на майках маглі б быць іншымі. Хай бы сабе вядомы мем гуляў па сеціву, не выходзячы офлайн. Так яно спакайней… Бо па факце з-за словаў пра псіхоз (а псіхозу ў нас і так хапае!) можа знікнуць важная культурніцкая прастора і харошая сяброўская тусоўка вакол Symbal.by.

Адзін папулярны блогер-краязнаўца напісаў: “… крама рабіла стратэгічную для нацыі справу… рабіла беларускую культуру моднай і папулярнай… выклікала агонь на сябе, заняўшыся распаўсюдам вострага палітычнага лозунга, – і была разбітая. Дык ці вартыя таго былі тыя няшчасныя „майкі з псіхозам”? не ўсім трэба кідацца на амбразуру…” Яно і насамрэч – не ўсім трэба да амбразуры нават падыходзіць, але ў нашай краіне не ведаеш, дзе трапіш у непрыемную сітуацыю і сустрэнеш людзей у форме або ў цывільным. Згадаем доктара ці аднагрупнікаў. Адпрацавалі. Схадзілі на каву… Усё бывае. Памылачка выйшла… То за што людзі штраф атрымалі? Можна ж, разабраўшыся, выбачыцца і завяршыць інцыдэнт на прыемнай ноце. Не. Механізм збіўся з рытму і страціў пачуццё гумару.

Прыкрылі бізнэс. Краму… Ну, ок, адной крамай меней, адной болей… Дайце правесці распродаж складу? Не. Не абыдземся і тут без “спецсродкаў”. Суцэльны чорны гумар. Душнавата… Між тым яшчэ першы месяц лета не скончыўся… І куды можна будзе схадзіць на каву глясэ без наступстваў у ліпені?!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ