Навошта вучыць беларускую мову ў школе?
Беларускія школьнікі вывучаюць беларускую, рускую ды замежныя мовы, але для многіх прасцей мець справу з замежнай, чымсьці з беларускай. У прыватнасці, такую думку выказалі маці некаторых школьнікаў аднаму з самых папулярных беларускіх парталаў.
Многія сучасныя дзеці і насамрэч не ведаюць словаў “ручнік” ці “патэльня” – і гэта праблема, калі грамадзяне краіны не валодаюць мовай тытульнай нацыі. Можна доўга разважаць пра гісторыю пытання. Такі сабе трагічны расповед пра тое, чаму беларусы мала размаўляюць па-беларуску і здзіўляюцца, чуючы родную мову дома.
Маем што маем. Хацелася б пра іншае. Чуеш роспачны лямант пра тое, што зусім не патрэбная нам беларуская мова, напружвае яна нас, не адольваем мы хатніх заданняў… Не першы раз чуеш! І думаеш пра тое, што амаль заўжды размаўляеш па-беларуску, але ніколі не кажаш: „Не падабаецца мне гэта ваша руская мова!” Як могуць не падабацца мовы? Руская, ангельская, кітайская ці італьянская? Хіба пачуццё сораму ўзнікае, што замежныя закінутыя ды занядбаныя… А тут… Не ведаеш беларускай мовы? І ганарышся тым? Маўчы, будзь хітры… Не, грэх мову не штурхнуць – гэта ўжо традыцыя!
Штурхайце, таварышы, штурхайце, але памятайце: вы губляеце свой шанец уратавацца ад хваробы Альцгеймера. Італьянскія навукоўцы даказалі: людзі, якія ведаюць дзве і больш моваў, у нейкай ступені абаронены ад дадзенай цяжкой хваробы. У дадатак гэта адтэрміноўвае старэчую разумовую адсталасць на пяць гадоў. Цікава, праўда?
Янка Брыль пісаў калісьці, што выдатны атрымаўся б беларус, калі б яго прымусілі быць беларусам… Навуковы падыход больш дэмакратычны – маем шанец?