Не было б большай бяды?
Беларусы трапілі ў лік самых песімістычных спажыўцоў свету па меркаванні глабальнай рэйтынгавай кампаніі Nielsen. Саступаем толькі грэкам!
Індэкс спажывецкага кантролю Nielsen – гэта сума трох “элементаў”. Успрыняцце спажыўцамі перспектыў на рынку працы – першае! Ацэнка імі ж свайго фінансавага становішча – другое! Ступень гатоўнасці спажыўцоў аддаваць за тавар свае грошы – трэці пункт. Аптымізм ці песімізм спажыўцоў наўпрост уплывае на іх жаданне/нежаданне плаціць за штосьці свае грошыкі – лагічна. У рэшце рэшт, беларускі песімізм многія беларусы адчуваюць на сваёй жа скуры без рознага тыпу статыстычных даследванняў (айчыннага ці імпартнага паходжання).
Тым часам у далёкай, але брацкай нам Кіргізіі адбылася адна вельмі цікавая гісторыя. Дэпутаты мясцовага парламенту ўхвалілі поўнае спісанне доўгу краіны перад Расеяй. Неардынарны і даволі аптымістычны крок. Яшчэ ўчора мы павінны былі вам 488 мільёнаў долараў? Сёння – ужо не! Забудзьцеся! Але наўрад ці ўлады РФ забудуцца пра такую буйную суму. Яно і насамрэч, згода пра паступовае спісанне запазычанасці была дасягнута Расеяй і Кіргізіяй яшчэ ў 2012 годзе, проста дэпутаты вырашылі паскорыць працэс і хутчэй спісаць рэшту.
Аддаваць усё роўна прыйдзецца. Пытанне – чым… І тут разумееш, што лепш быць вольным грэкам у даўгах. Адно шкада – мора свайго не маем! А даўгі – не было б большай бяды!