Не чытайце савецкіх газет!



Што мы чытаем і ці чытаем штосьці ўвогуле? Кліпавае мысленне, эпоха сацыяльных сетак…

Нешта ж чытаем?! Сістэма кнігарняў “Белкніга” распавяла пра свой рэйтынг продажу рознага роду выданняў. Год заканчваецца – варта падводзіць вынікі. Лідзіруе «Дзіцячы атлас Беларусі» — пазнавальная кніга выдавецтва «Мастацкая літаратура». Прададзена 636 асобнікаў па ўсёй краіне. Далей ідуць «Гэта Беларусь, дзетка!» (493 асобнікі), раман «Ноч» Віктара Марціновіча (!), зборнік «Беларускія казкі» і «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча. Прасцей кажучы, застаюцца ў трэндзе пазнавальныя рэчы, сучасная проза і незанудная класіка… А казкі – казкі ў нашых шыротах заўжды па-за канкурэнцыяй!

Іншая гісторыя з прэсай. Тут мы ўжо можам казаць пра масавасць, але чым яна забяспечваецца? Не заўжды цікавасцю ды эксклюзіўнасцю інфармацыі. Хутчэй, варта казаць пра агрэсіўны піяр многіх дзяржаўных выданняў. Бацькі скардзяцца: па садках і школах аднаго з раёнаў Гомельскай вобласці разаслалі «Квоты на падпіску на першы квартал 2019 года» – распавядае радыё “Свабода”. Прымусовая падпіска для настаўнікаў – даўно не навіна, але цяпер ёй вырашылі ахапіць не толькі іх.

Педагагічныя кадры не адольваюць самастойна макулатуру і падпіску, таму вымушаныя вымушаць дзяцей дапамагаць у гэтай нялёгкай справе. І калі збор макулатуры яшчэ можна назваць экалагічным падыходам у педагогіцы, то настаўніцкія вайбер-чаты з патрабаваннем (і просьбамі!) дапамагчы адолець падпісную кампанію… Гісторыя пра тое, што ў адной са школ Светлагорска педагогі просяць бацькоў калі не падпісацца, то хоць прынесці чэкі падпіскі на раёнку ад бабуляў… Такая гісторыя трапіла ў інтэрнэт. Яно вядома – нашы бабулі не могуць не выпісваць раёнку! Савецкае выхаванне. І яно мае сваіх прыхільнікаў і прадаўжальнікаў у асобе маладзейшых… таварышаў па партыі і барацьбе за светлую будучыню. Так.

Было б здорава, каб беларусы чыталі беларускія газеты і часопісы, але не па прымусе. Насамрэч беларускія – па форме і зместу. На практыцы маем невялікія тыражы і на дзяржаўную беларускамоўную “Звязду”, і на “апазіцыйную” “Народную волю”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ