Не кажыце, што вас не папярэджвалі



І Белгідрамет, і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях папярэдзілі пра ўзмацненне маразоў ноччу, то не кажыце, што вы нічога не ведалі. Сагравайцеся!

Сагравайцеся з захаваннем усім супрацьпажарных нормаў, шаноўныя! Было б  цудоўна, каб іншыя нашы “інстанцыі” ўзялі на ўзбраенне дадзены алгарытм. Больш трох не збірацца. Масавае мерапрыемства пад назвай “Выбары” адмяніць і ў мэтах ашчаджэння грошай, і з-за таго, што любая альтэрнатыва засмучае безальтэрнатыўных. Інтэрнэт таксама забараніць. Падарожжы зрабіць раскошай і ўвесці на іх падатак… Зрэшты, квіткі на самалёт ад айчыннай авіякампаніі-манапаліста і так выглядаюць парталам у іншае жыццё! Ці вернуцца калі для беларусаў старыя добрыя часы бюджэтных авіяпералётаў з Вільні ці Варшавы?

Сталічны аэрапорт парадаваў хоць тым, што кожны жадаючы пасажыр зможа здаць ПЦР-тэст перад палётам. Цудоўная ініцыятыва! Не прыйшлося б народу падарожнаму шукаць вольныя месцы ў медычных цэнтрах перад вандроўкай! Але ж не, радаваць кагосьці не ёсць прыкметай нашых шэрых шыротаў: хутка аэрапорт Менск-2 перадумаў і заявіў: ПЦР-тэст можа здаць не кожны жадаючы, а кожны пасажыр з квітком і пасадачным талонам на руках, але не больш 34 чалавек за раз. Тэсты можна здаць тройчы на дзень – у 9.50, 12.30 і 15.10. Тройчы па 34 тэсты. Гэтыя лічбы яўна не супадаюць з пасажырапатокам за дзень.

Не дзіва, што нашы людзі, выехаўшы з Беларусі, тройчы падумаюць, ці варта вяртацца дадому! За перыяд з 1 жніўня па 15 лютага больш 9 тысячаў беларусаў папрасілі часовы від на жыхарства ў Літве. 7490 беларусаў ужо яго атрымалі. І гэта толькі адна краіна.

Пры такім раскладзе, шаноўныя, у беларусаў можа літаральна самаацэнка падвысіцца: такое адчуванне, што іх паўсюль літаральна з рукамі адрываюць! Літва, Латвія, Эстонія, Польшча, Україна, Штаты… А дома холадна… І не кажыце, што вас не папярэджвалі. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ