Не хлебам адзіным, але і ім таксама…
Неўзабаве скончацца вясновыя канікулы ў школе ды актывізуецца абітурыенцкая кампанія-2018. Іспыты, тэсты, хваляванні… Варта запасацца валяр’янкай ужо цяпер!
Усе абітурыенты хвалююцца… Па-першае, гэта даволі складана – знайсці тое, чым будзеш займаецца ў жыцці. Па-другое, сарыентавацца, дзе пройдуць бліжэйшыя пяць гадоў твайго жыцця. Або чатыры, калі вырашыш звязаць жыццё з культурай: Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі ў 2018 годзе сумесна вырашылі скараціць тэрмін навучання на некаторых спецыяльнасцях… У любым выпадку, стаць студэнтам – той яшчэ квэст! Стрэс.
Праз пэўны час стрэсам для былога студэнта і маладога спецыяліста тут і цяпер робіцца яго заробак ды шматлікія кватэрныя, побытавыя пытанні. У выніку збягае работнік культуры са сферы культуры ў сферу больш забяспечаную і камфортную пры самай першай магчымасці… І тут на сцэну замест маладога рэжысёра тэатра выходзіць першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга са сваім “ноў-хаў” – замацаванне маладога спецыяліста на першым працоўным месце.
Праблема замацавання кадраў на месцах пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі па размеркаванні навучальнай установы з’яўляецца асноўнай, адзначыла Ірына Дрыга. Міністэрства прааналізавала сітуацыі: з 2012 года толькі каля 40 працэнтаў выпускнікоў устаноў адукацыі ў сферы культуры засталіся на сваім першым рабочым месцы пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі… Чыноўнікі робяць выснову, што справа тут не толькі ў грошах… Праўда жыцця паказвае – не толькі ў грошах, але ў іх колькасці! Таму міністэрства паспрабуе стымуляваць культурных работнікаў рознага тыпу прэміямі, стыпендыямі ды арэндным жытлом. Безумоўна, усё гэта тычыцца самых таленавітых “кадраў”.
Галоўнае не растраціць таленты па дарозе, падчас вучобы. Ці плануецца дадаць крыху паветра свабоды студэнтам творчых спецыяльнасцяў? Пра гэта БЕЛТА не паведамляе і калегія міністэрства маўчыць.