Не пакідайце ж мовы беларускай?



Жыццё не стаіць на месцы. Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў Таварыства Беларускай мовы. Чарговае папаўненне ў спісе зачыненых грамадскіх арганізацый.

Яшчэ перад судовым паседжаннем па справе ТБМ старшына арганізацыі Алена Анісім сказала важную рэч: калі перастане існаваць ТБМ, то людзі існаваць не перастануць. Яно і насамрэч – суполкі па ўсёй Беларусі ў большасці выпадкаў маюць фармальны характар, ТБМ нашых дзён і ТБМ канца 1980-х пачатку 1990-х – гэта неба і зямля і ў плане актыўнасці, і ў плане ўплыву ў грамадстве. Але ж беларусы ў Беларусі пакуль застаюцца: нас не заменіш кітайцамі, таджыкамі, курдамі і сірыйцамі.

Па той простай прычыне, што нават сірыйцы, якія бягуць ад вайны, не адчуваюць сябе добра ў Беларусі. Мы не можам прапановаць заможнага і вольнага жыцця ні сваім людзям, ні турыстам, мігрантам або бежанцам з іншых краёў! І ўсё ж мы пакуль жывем у сваёй дзяржаве, хай сабе і моцна залежнай ад усходняга суседа… Што можа нам дапамагчы ўтрымацца, не растварыцца ў гэтай шэрай нейтральнай зоне? Мова. Беларуская мова, як бы банальна гэта ні гучала.

Можна не раз і не два прыгадваць Ірландыю, але там быў каталіцызм, які дапамог ім дыстанцыравацца ад імперыі. Так, ірландцы збольшага па-ангельску размаўляюць… Так, не зайздрошчу, калі вы пры сустрэчы будзеце іх крытыкаваць за мову… Але нам не ўтрымацца без мовы на ўскрайку імперыі, што, як тая чорная дзірка, зацягвае ў віхуру бязладдзя і агрэсіі ўсё па ўскраінах: кавалачак Грузіі, кавалачак Украіны… На чарзе Беларусь.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ