Не зломіцеся – працуйце!



Увесь прамінулы тыдзень надвор’е было пераменлівым – на выходных падмарозіла.

Увесь прамінулы тыдзень беларуская афіцыйная хроніка была прысвечана праблемам моладзі, навукі, бізнэсу… Не ў сэнсе іх усебакова-аптымістычнай падтрымкі, не… У сэнсе канстатацыі таго простага факта, што ў нас усё добра – не прыбядняйцеся. Не зломіцеся – працуйце. Быць у тонусе – такі сабе падзёры закід усім і кожнаму.

Узроўнем ніжэй паразмаўлялі пра вяртанне выкладання гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускую мову. Не без папярэдняга дазволу ўзроўнем вышэй. Такія размовы пужаюць многіх нашых суседзяў на ўсходзе не менш, чымсьці вышыванкі ва ўсемагчымых варыянтах… Дакладней, ёсць адзін (і не адзін!) “мілы” расейскі рэсурс, які старанна пужае сваіх чытачоў то нашым “вышыванкавым бумам”, то партрэтамі “польскага тэрарыста Каліноўскага”, то яшчэ якой трасцай. У суседзяў і так нервы неспакойныя: то яны Крым забралі і што з ім рабіць не ведаюць, то рубель перастаў быць цвёрдай валютай, то снегу  зашмат выпала… Бяда… А тут яшчэ беларусы плячо не падставілі. Не падтрымалі маральна.

І цяпер – чарговы казус. Дзіўныя рэчы адбываюцца! Апошнія прадметы, што выкладаліся ў сярэдняй школе па-беларуску, далі адмашку па-беларуску не выкладаць. Пяць год таму… Прайшоў час – нешта заварушулася ў галовах чыноўнікаў (па адмашцы зверху – інакш мы не можам!) – варта ўсё ж аставіць гэтыя два прадметы на роднай мове. Давайце паспрабуем. Падумаем. Паразмаўляем. Пазлуем суседа… Вось захочам – і будзем вучыць дзяцей па-беларуску! Моцна захочам – усе на роднай мове загаворым! І ангельскую вывучым, і кітайскую… Страшна вам? Дайце грошай. Можа, перадумаем. І з Еўропай зноўку сябраваць не будзем… Дайце грошай, а? У саміх не хапае? Шкада вам?

Ім не шкада і не страшна. Яны ўжо вырашылі, што ім патрэбна. Шарыкавым патрэбна яшчэ адна вайна… Прэабражэнскіх даўно ніхто не слухае… А зачэпкі заўжды знойдуцца.

Між тым, хтосьці будзе сядзець на беразе бруднай ракі і выглядваць цела ворага ў яе мутных хвалях. І гэты хтосьці будзе не адзін… Кампанія ў такой справе заўжды знойдзецца.

Цяжкія думкі цяжкога панядзелка… Лепш па каве? Ці гарбата?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ