Нехта…
Новы тыдзень распачаўся Сусветным днём кнігалюбаў, які прыйшоў са Штатаў… Кніг многа не бывае? Каму як… Са школьнай праграмы па беларускай і рускай літаратуры для 11 класаў прыбралі Святлану Алексіевіч.
Прыбралі з новай праграмы і творы іншага нобелеўскага лаўрэата — Аляксандра Салжаніцына. Яшчэ ў мінулым годзе старшакласнікі вывучалі «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» і «Матронін двор».
Імя Алексіевіч цяпер не згадваецца ў пераліку «рускамоўнай літаратуры Беларусі» і ў раздзеле, прысвечаным сучаснай беларускай літаратуры. Падумаеш, нобелеўскі лаўрэат! У нас гэтых лаўрэатаў… Дык не ж, няма іх больш! І з медалямі алімпійскімі не ўрадзіла, і ўвогуле год пусты… То навошта сваім дабром раскідваемся?! Пытанне…
Ды і з расейскім лаўрэатам непрыгожа атрымалася. Суседзі, саюзная дзяржава, усе справы… Гулаг спужаў беларускіх чыноўнікаў ад адукацыі? Або ракавы корпус? Што менавіта? Асацыяцыі напрошваюцца і выбудоўваюцца? То не будуйце гэтах асацыяцый. Тым болей, позні Салжаніцын ужо не той барацьбіт за праўду. Хутчэй імперац, які падтрымаў не аднаго дыктатара. У прыватнасці, прамаўчаў там, дзе не павінен быў маўчаць… То і вы б маўчалі, спадарства, – разумна было б! Але ж не – выкінем яшчэ аднаго нобелеўскага лаўрэата з праграмы абы дагадзіць начальству. Дагадзілі.
Дзеці ўсё роўна не чытаюць ні класікаў, ні сучаснікаў. Сышло са школы і пакаленне Гары Потэра… А хто там цяпер – пытанне. І некаторым дарослым страшна запытаць, а запытаўшы, пачуць адказ… Хто там? У школе, за школай, на вуліцы? Нехта.