Ноў-хаў? Электрамабіль і прыступкаход айчыннай вытворчасці



На беларускім тэлебачанні адчуваецца моцны дэфіцыт вартых тэмаў, таму яны не маглі прапусціць Міжнародны дзень інвалідаў і не паказаць сюжэт пра тое, як усё ў нас добра ў плане абароны правоў дадзенай катэгорыі людзей. Зрэшты, слова “права” даўно пад забаронай там, таму проста паказалі, як у Беларусі добра вазочнікам жыць! Да іх паслуг і навамодны электрамабіць, і спецыяльны да яго электравазок, і прыступкаход айчыннай вытворчасці. Зрэшты, электрамабіль і прыступкаход – гэта дзве розныя гісторыі (прыватная і дзяржаўная), таму варта распавесці пра іх асобна.

На АНТ далі слова прадстаўнікам кампаніі “Універсальная мабільнасць”. І яны распавялі пра свой электрамабіль, якому “няма аналагаў у свеце” (https://www.youtube.com/watch?v=WU2xNXQ1jys&t=2021s ). Унікальнасць падыходу заключаецца ў тым, што аўто зрабілі спецыяльна для чалавека ў інвалідным вазку. На першы погляд, гучыць няблага, але пры бліжэйшым разглядзе аказваецца, што заехаць у такі электрамабіль можна толькі на электравазку фірмы “Універсальная мабільнасць”, што не ўсім людзям зручна. Набываць машыну і каляску разам? Грошы немалыя! Дзіўны падыход. І ён не знаходзіць шырокай падтрымкі ў масах, калі сур’ёзна разабрацца ў пытанні. Машынку спрабуюць піярыць і прадаваць ужо гадоў пяць – не ідзе. Кітайскія дэталі з прэтэнзіяй на арыгінальнасць? А з іншага боку, у мясцовых бюджэтаў няма грошай нават на запарожцы для людзей з інваліднасцю – які тут можа быць электрамабіль?! Затое добра крытыкаваць немцаў, якія прыстасуюць любое аўто пад любы вазок і выдадуць вазочніку ў складзе стандартнага сацыяльнага пакета. Ашчэ яны мігрантаў не пускаюць, што захраслі на нашай (!) мяжы. Ай-ай-ай, нехарошыя немцы!

Прыступкаход – новая фішка Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўленчага цэнтра. Прэзентавалі днямі. Было б цікава паглядзець на жывога чалавека, які будзе тэставаць дадзены агрэгат, тым болей, карыстацца ім штодзень. Усе айчынныя ноў-хаў трохі насцярожваюць! Ты пачынаеш думаць: “Няўжо немцы або італьянцы нічога такога прыдумаць не маглі?” Маглі. Прыдумалі. Ужываюць… Але нам тое не трэба, мы не едзем стажыравацца ў Германію або Італію, да адмыслоўцаў у профільным пытанні, мы не можам зладзіць сумесную вытворчасць вазкоў або іншай тэхнікі, не. Мы ідзем сваім адвечным шляхам. Вынаходзім ровар, пакуль іншыя ганяюць на мерсэдэсе.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ