Новы год – новыя падаткі?
Год народнага адзінства плаўна перайшоў у год гістарычнай памяці… Насамрэч – не.
Насамрэч простага чалавека цікавяць простыя рэчы, а не пафасныя спічы ў савецкім стылі, ад якіх усе даўно стаміліся. Казаць можна ўсё, што заўгодна, але рэальнасць, быццам дождж або снег адчуваеш на сваёй скуры. Новыя падаткі – рэальнасць новага 2022-га.
Пачнем з кватэры. З вашай першай і адзінай кватэры, даражэнькія… Раней гэты збор бралі з другога або трэцяга жытла, а цяпер – ужо з першага! З іншага боку чыноўнікі заявілі, што не новы падатак увялі, а льготу адмянілі. Майстры прыгожых фармулёвак! Якія грошы трэба будзе заплаціць? 0,1% ад кошту аднаго квадратнага метра. Атрыманую суму трэба памножыць на ўсе вашы квадратныя метры – і будзе поўная сума таго, што прыйдзецца выплачваць штогод. Праўда, у 2022 годзе гэту суму зможам аплаціць не зараз. Да ўсяго ж трэба прызвычаіцца! То аванс трэба будзе выплаціць да 15 лістапада 2022-га, а рэшту – да 15 лістапада ўжо 2023-га! З пенсіянераў, непаўнагадовых, інвалідаў 1 і 2 групаў, ваеннаслужачых (і тых, хто праходзіць альтэрнатыўную службу) грошы браць не будуць. З ветэранаў ВАВ – таксама.
Будуць браць падатак і са боршчыкаў грыбоў ды ягад, калі сума сабранага і прададзенага перавысіць 200 базавых велічыняў (6400 рублёў). 10%. Як можна пракантраляваць тысячы школьнікаў і студэнтаў, якія рванулі ў лясы падзарабіць грошай? Праблема! Таму вырашылі, што будуць браць падатак у тых выпадках, калі чалавек набывае штосьці значнае і як крыніцу гэтых грошай называе грыбы ды ягады. Хоць трошачкі ды грошай ухапіць трэба, што і лагічна… Дэфіцыт бюджэту! Прывітанне вам, новы год і абноўлены кодэкс падатковы! Жыццё працягваецца. Жыць робіцца ўсё весялей і весялей!