Новыя вуліцы ў Драгічыне… А так можна было?!



Чаго ў свеце не здараецца! Вось і ў Драгічыне на Берасцейшчыне амаль што цуд адбыўся!

Замест «Маскоўскай» — «Мінская», замест «Баграціёна» – «Блінова». Вуліцы Драгічына атрымаюць беларускія назвы. Гісторыя распачалася ў пачатку ліпеня, калі мясцовыя ўлады вынеслі на грамадскае абмеркаванне назвы праектаваных вуліц у райцэнтры.

Тапаніміка не была прывязана да Беларусі… Вуліцы хацелі “арыгінальна” назваць «Маскоўскай», «Пятра Баграціёна», «Івана Айвазоўскага» і «Георгія Жукава». Пасля грамадскага розгаласу ўсё змянілася. Драгічынскі райвыканкам атрымаў 27 лістоў, дзе былі прапанаваныя 92 варыянты назваў… Чым гісторыя завяршылася?

Чыноўнікі прапанавалі наступнае рашэнне: са старога спісу застаўся толькі савецкі маршал Жукаў. Вуліца Маскоўская стала Мінскай, Баграціёна — Міхаіла Герасімава (гэта партызан часоў другой сусветнай), Айвазоўскага — Юрыя Блінова (ураджэнец Драгічына, піяніст, адзін з уладальнікаў клуба «Крумкачы»).

А так можна было? Выслухаць і пачуць сваіх землякоў? Неабыякавыя грамадзяне праявілі ініцыятыву, напісалі лісты – і ніхто не сеў? Хм, неверагодная рэч! Тым часам у многіх гарадах, мястэчках, вёсачках і аграгарадках – літаральна паўсюль у Беларрусі! – людзі працягваюць шпацыраваць па Савецкай, Леніна або Дзяржынскага. Моц традыцыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ