“Ну, подумаешь, укол! Укололи – и пошёл!”



Глабалізацыя, кампутарызацыя, дыктатура, гаджэты, дыктатура гаджэтаў… Што можа зрабіць адзін маленькі чалавек у наш час? Ды шмат варыянтаў, і не заўжды гэта будзе пазітыўны ўплыў на знешні свет людзей і падзей… Згадаем навіны апошняга часу.

Каронавірус у Паўднёвай Карэі быў амаль узяты пад кантроль, пакуль на даляглядзе не з’явілася так званая 31-я пацыентка. Верніца-сектантка замест самаізаляцыі вырашыла пайсці ў свет і вынесла вірус за межы кантралюемай зоны. Адна жанчына прымусіла ўсю краіну пачынаць змагацца з хваробай наноў.

Падпалы травы восенню і вясной – нязжытая яшчэ традыцыя нашых шыротаў… З-за неасцярожнасці аднаго чалавека можа згарэць вёска на Гарадзеншчыне, а неасцярожнасць дваіх справакавала чарговы вялікі пажар у Чарнобыльскай зоне. У прыватнасці, паліцыя затрымала дваіх мясцовых мужчын: яны вывезлі ў лес сьмецце з падворку – спаліць.  І хтосьці з трывогай адсочваў новыя лічбы па каронавірусе ў Беларусі ды Украіне, а хтосьці хваляваўся з-за трагічнага падпалу травы і падвышэння ўзроўню стронцыю ў паветры… Усё дрэнна. На шчасце, пажар у зоне спынілі – можна выдыхнуць?

Бадай, некаторыя падзеі ў свеце прымушаюць нас зірнуць на сваё жыццё пад іншым вуглом, перагледзець рэжым дня… Спрацоўвае не заўжды і не з усімі. Вось і таварышы з Ніжняга Тагілу, што па волі лёсу (чытай – каронавірусу!) апынуліся ў інфекцыйным аддзяленні смаргонскага шпіталю, не ведаюць і ведаць не хочуць пра карэйскую 31-ю пацыентку… Бунтуюць, не слухаюць лекарку, адмаўляюцца здаваць паўторныя тэсты і рвуцца ў бой… На працу – атамную станцыю (нашу) будаваць!

Пэўна, хвалююцца хлопцы, што ім бальнічны не сплоцяць, ежа шпітальная не падабаецца, сумна… А захварэць не баяцца. Тым болей не хвалюе іх тое, што іншыя праз іх захварэць могуць – калегі, медыкі, выпадковыя мінакі… Або дарослыя хлопчыкі спужаліся медыкаў не ў белых халатах, а ў поўнай баявой амуніцыі? Хм… І вось калі такі пацыент трапляе на рэжымны аб’ект, то робіцца ўжо неяк не па сабе на ўзроўні ўсёй краіны… І суседзі не дарма з-за нашай  будучай АЭС знаходзяцца ў стрэсе. Можа, лепш вітаміны пракалоць? Для прафілактыкі? Здароўе даражэй!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ