Няма таго, што раней было!
Па ўсёй Беларусі прайшлі сустрэчы выпускнікоў… Хтосьці бачыўся са сваім класам вочы ў вочы, хтосьці настальгаваў у сацыяльных сетках. Вечары сустрэчы выпускнікоў у школе – пад забаронай… Эпідэмія, вядома. Вельмі многія людзі абсалютна розных прафесій згадвалі з цеплынёй пра свае школьныя гады, пра свой дружны або не вельмі дружны клас. Пра настаўнікаў… Любімых і не любімых, гарачых сэрцам і абыякавых – розных! Хтосьці з “юбілейных” выпускаў забягаў з кветкамі і добрымі пажаданнямі да сваіх педагогаў дадому ды імчаў далей – сустрэцца з сябрамі, паразмаўляць, патусавацца… Але. Усё збольшага паводзяць сябе асцярожна і з-за палітыкі, і з-за каронавірусу. Ніхто нікому – збольшага! – нашкодзіць не хоча. Па прычыне ўсё той самай настальгіі па ранейшых часах, калі ўсім было 16 (або меней!) І школьныя калідоры здаваліся прасторнымі, дрэвы – вялікімі, настаўнікі і бацькі – маладымі… Жыццё змянілася. Спачатку – новы вірус, потым – выбары. Ніхто не думаў, што ўсё гэта магчыма, усё гэта стане нашай рэальнасцю: маскі, тэсты, вакцыны, патроеныя рэпрэсіі, падвоены стрэс і страх… Хочацца вярнуцца ў 2019-ты, дзе ты бачыўся з аднакласнікамі ў зусім іншым “інтэр’еры”, хоць няпроста было заўжды. Хочацца знайсці выспу стабільнасці і дабрабыту, праўда ж? І хтосьці мае шанец ажыццявіць гэта праект! Безумоўна, пашанцавала не беларусам, але ў старой добрай Англіі шукаюць караля або каралеву (!) для кіравання пабам 14 (!) стагоддзя. Проста шыкоўная вакансія! 10-гадовы кантракт. На выспу побач з узбярэжжам у графстве Камбрыя можна дабрацца адно на пароме. Новы кіраўнік павінен будзе займацца непасрэдна старажытным пабам, а таксама прылеглай тэрыторыяй, рэшткамі замку, кемпінгам, туалетам і душам. Пераможцу і будучага караля спадзяюцца знайсці да пачатку летняга сезону, ён будзе каранаваны на троне і зверху заліты спіртным… Паб заўжды застаецца пабам і месцам нефармальных сустрэч! Розных сустрэч розных людзей. Навіны з іншага жыцця, старая добрая Англія. Туманны Альбіён.