“Па-добраму” не атрымаецца
Усе мы чакаем ад новага года новых падзеі і таго, што надзеі на лепшае спраўдзяцца.
Падчас перамены да лепшага трэба падштурхнуць. І часта варта ўжыць у справе пераменаў адміністрацыйны рэсурс. Па той простай прычыне, што мы ходзім і разумеем – ёсць такое слова “трэба”, але ад словаў да справы добры такі адрэзак шляху чакае тых, хто наважыўся па шляху пайсці. Хто не наважыўся на перамены, той увогуле адмаўчыцца.
Гаворка ідзе пра стварэнне безбар’ернага асяроддзя для людзей з інваліднасцю. Наша краіна падпісала Канвенцыю ААН аб правах інвалідаў – варта адказваць за свае добрыя намеры. У 2018 годзе будуць унесеныя змены ў законы «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» і «Аб папярэджванні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў». Пра гэта распавяла БЕЛТА міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касцевіч.
Безумоўна, абарона правоў чалавека ў той ці іншай сферы не можа не радаваць – харошая навіна! Фішка ў тым, што мы кажам чарговы раз пра відавочныя рэчы, але да іх многім яшчэ трэба дайсці, таму плануецца ўвесці адміністрацыйную адказнасць для юрыдычных і службовых асобаў за адмову ствараць безбар’ернае асяроддзе на “падуладных” аб’ектах. У рэшце рэшт, не ўсе разумеюць, што браць чужое папросту нельга. Маральныя прынцыпы дзейнічаюць незаўжды і непаўсюль. Для тых, хто не разумее элементарных рэчаў, існуе закон. Важна, каб ён працаваў, – заўжды і паўсюль.
У чэрвені 2017 года быў зацверджаны Нацыянальны план дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі. Ці прыдзем мы ад тэорыі да практыкі? Ці дойдзем? Самае простае – садзіць у інвалідны вазок таго, хто падпісвае дазвол на ўвод пэўнага будынка. Або завязваць яму вочы, калі мы кажам пра правы людзей невідушчых… Зрэшты, караць рублём – самы аптымальны варыянт, бо мы – нацыя прагматыкаў.
Пакуль не страцім штосьці, не зразумеем НІ – ЧО -ГА.