Пачынаем нанова?



Напрыканцы года ўзнікае ілюзія таго, што можна дарабіць усе старыя справы. У пачатку года новага з’яўляецца адваротная ілюзія: можна пачаць усё нанова…

Не, працягваем. Нават надвор’е не спрыяе таму, каб распачаць усё з чыстага ліста – такі сабе прамежкавы сезон, памежны стан восені-вясны і адсутнасць снегу… Затое эканомім на паліве, адпачываем у выходныя і чытаем навіны. Некаторыя рэчы, што ўсвеце адбываюцца, моцна здзіўляюць (насуперак агульнай млявасці і абыякавасці да жыцця першых дзён года).

У нас усё ідзе па плану. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў грамадзянаў з Новым годам – паехалі далей. Стыль прамовы моцна не мяняецца, куранты і гімн – таксама. Усё па чарзе, традыцыйна. Тым часам у недалёкай ад нас Эстоніі ўсчаўся сапраўдны вэрхал і скандал па той простай прычыне, што пасля святочнай прамовы прэзідэнта Керсці Кальюлайд, якая адбылася на плошчы Вабадузэ ў Таліне, тэлеканал ETV не знайшоў часу на гучанне дзяржаўнага гімна.

Першы раз за ўвесь час незалежнасці Эстоніі. Жах які! Спадарыня прэзідэнт старанна выбачалася ў сваім фэйсбуку за такую недарэчнасць. Маўляў, яна была не ў тэме, хоць прэзідэнцкая канцылярыя адпаведную інфармацыю мела ад таго ж ТБ. Новы год без гімна? Тэлевізійшчыкі патлумачылі такі “наватарскі” падыход выступам прэзідэнта на свежым паветры і тым, што гімн папросту не пачуюць – прыбралі яго зусім! Многім эстонцам гэта моцна не спадабалася… і яны не абавязаны былі прамаўчаць. Зусім не.

Тым часам Канстытуцыйны суд Малдовы часова прыпыніў паўнамоцтвы прэзідэнта Ігара Дадона… Палічылі некаторыя яго дзеянні парушэннем заканадаўства, а менавіта тое, што двойчы адхіліў прапанаваныя кіраўніком урада кандыдатуры чатырох міністраў і двух віцэ-прэм’ераў. Пакуль абавязкі прэзідэнта Малдовы выконваць будзе кіраўнік парламента краіны Андрыян Канду.

Дзіўны гэты свет…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ