Падарожжы без бар’ераў



Любы чалавек, выходзячы з дому, прадумвае свой маршрут. Плануеш далёкае падарожжа – сур’ёзней падыходзіш да справы, але і тут заўжды ёсць месца імправізацыі… Толькі не ў тым выпадку, калі маеш пэўныя абмежаванні па здароўі.

Безумоўна, у СССР інвалідаў увогуле не было. Усе людзі з інваліднасцю проста сядзелі па сваіх хатах і кватэрах (у горшым выпадку – у дамах-інтэрнатах). Цяпер бадзяюцца па свеце ўсе: пенсіянеры і піянеры, вазочнікі, невідушчыя, людзі з праблемамі слыху… І гэта здорава! Так і павінна быць.

Праблема можа ўзнікнуць з лагістыкай, таму “нестандартныя” падарожнікі павінны старанна прадумваць свае маршруты. У прыватнасці, трэба яшчэ ведаць, як дайсці да Сцяны Плачу ў Іерусаліме на інвалідным вазку, хоць гэта і магчыма. Проста трэба ведаць дарогу! Запытаць можна ў Даміра Мілера.

Выхадзец з Беларусі стварыў новы сайт для падарожнікаў з інваліднасцю. Рэсурс дапамагае трапіць з пункта А ў пункт Б з найменшымі энергазатратамі. Хлопец мае беларускія і габрэйскія карані. У свой час менавіта ізраільскія медыкі змаглі выратаваць Даміру жыццё. Тагачасны консул Ізраіля ў Беларусі Рон Шэхтэр пашкадаваў маладога чалавека і дапамог трапіць да класнага хірурга. Дамір выжыў, але трапіў у інвалідны вазок – здараецца! Прыйшлося вучыцца жыць па-новаму на новым месцы, вучыць ангельскую мову, іўрыт і праграмаванне. Апошняе дапамагло знайсці працу ў паліцыі Іерусаліма… І шмат іншых працоўна-творчых праектаў пазней.

Жыццё асабістае і перамяшчэнні па Ізраілі падштурхнулі да стварэння базы дадзеных, што дапамагла б распрацаваць розныя безбар’ерныя маршруты для абсалютна розных людзей… Вельмі часта жытло, пазначанае як дасяжнае для вазочніка, прапаноўвала пры “сустрэчы” непрыемныя сюрпрызы (прыступкі замест пандуса і вузкія дзверы ў душ, напрыклад!) Дамір стварыў суполку ў фэйсбуку – вельмі хутка яна стала папулярнай! Людзі дзяліліся досведам і распавядалі свае гісторыі… Цяпер з’явіўся сайт на рускай і ангельскай мове з расповедамі пра зручныя і безбар’ерныя падарожжы. Ізраіль, Расея, Турцыя, Францыя… Гатэлі, гіды, гайды – усё для чалавека з пэўнымі праблемамі здароўя (зрок, слых, парушэнні мабільнасці) у адным месцы.

Такі сабе шанец для тых, хто хоча вандраваць, але пакуль не наважваецца. У кожнага з нас – свае перашкоды. І кожнаму трэба адважыцца і зрабіць крок да чагосьці новага.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ