Падклалі свінню Маладзечну… Нават дзвюх!
5 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя. І новы указ кіраўніка дзяржавы ад 1 чэрвеня пад нумарам 220 нагадаў нам пра базавыя каштоўнасці беларускай дзяржавы – шкварка і чарка перш за ўсё! А таксама пазначыў беларусам іх месца… на карце.
Аляксандр Лукашэнка дазволіў кампаніі “Велес-Міт” пабудаваць два вялізныя свінакомплексы ў Маладзечанскім раёне Менскай вобласці. Шматлікія спробы мясцовых жыхароў не дапусціць гэтага не далі чаканага выніку, праўда, адзін са свінакомплексаў аднеслі трохі далей ад прыгожага горада Маладзечна (перанеслі з вёскі Мойсічы ў вёску Палачаны). Ужо не за тры, а прыкладна за 14 км ад горада будуць рохкаць свінні.
Адначасова з гэтым спадар Лукашэнка ўхваліў продаж дзяржпакета акцый сельскагаспадарчага прадпрыемства “Гарадзілава” кампаніі “Велес-Міт”. Кошт пытання – 34 млрд беларускіх рублёў. Плюс падатковыя прэферэнцыі.
Па факту меркаванні эколагаў, тысячы подпісаў супраць свінакомплексаў ды грамадскія абмеркаванні не пераважылі інтарэсы алігархаў. Хтосьці спадзяваўся, што будзе інакш?
У Еўропе перайшлі да практыкі будаўніцтва малых свінакомплексаў, што значна зніжае іх шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе. У ЗША буйным свінакомплексам лічыцца ферма з пагалоўем звыш 2000 (!) тысяч… Але, як аднойчы сказаў добра вядомы нам палітык, ён свой народ за цывілізаваным светам не павядзе… А народ збольшага топчацца на месцы і маўчыць, што, безумоўна, паказвае яго малаадукаванасць ды абыякавасць. Такі ўвогуле нікуды ісці не хоча. Абы не чапалі.
Карацей, добрую такую свінню падлажылі культурнаму цэнтру перад XV Нацыянальным фестывалем беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2015”! А то вечна гэтыя “заходнікі” лічаць сябе лепшымі ды разумнейшымі за іншых! Подпісы яны збіраюць, абмяркоўваюць нешта, на нешта спадзяюцца… На што, цікава?