Падпіска – наша ўсё!
За вокнамі – лета! Жыццё працягваецца… І хутка заканчваецца падпіска на наступны месяц, квартал, паўгоддзе…
Бадай, засталося пару прыстойных выданняў у Беларусі, на якія ўсё яшчэ можна падпісацца і падпісаць старэйшых членаў сям’і, якія не карыстаюцца інтэрнэтам. Калі ж і карыстаюцца, то беларускі інтэрнэт пасля разгрому Tut.by стаў нагадваць пустыню Сахара. Сумнае відовішча… Днямі патэлефанаваў знаёмы харошы чалавек і папрасіў парады – што чытаць цяпер і як утрымліваць баланс паміж “левымі” і “правымі”? Цікавае пытанне! І пэўнасці няма – хто ж у нас левы, а хто правы? І як знайсці той баланс у здаровым спажыванні інфармацыі? Зрэшты, апошняе пытанне ўжо адпадае. Вымалёўваецца іншае – як пазбегнуць дэфіцыту незаангажаванай, узважанай інфармацыі? Інфармацыі ўвогуле? Многія рэсурсы можна чытаць толькі праз VPN або выключна ў тэлеграме ці іншых сацыяльных сетках. Пенсіянеру ж летам прасцей пачытаць газету або часопіс.
І ёсць шанец дапамагчы з падпіскай на “Нашу гісторыю”, “Наша слова”, “Новы час” і “Рэгіянальную газету” (https://rh.by/ ) старэйшым сябрам і родным, бо насамрэч важна – утрымацца і пратрымацца да лепшых часоў, захаваць бадзёры настрой і добрае здароўе! Даўно вядомы факт: нашы думкі ўплываюць на наш фізічны стан. Мы не можам змяніць многіх рэчаў, але стаўленне да іх – так… А калі розум робіцца занадта небяспечна вострым, застаецца пачуццё гумару! Беражыце сябе і сваіх блізкіх, чытайце добрыя рэчы.