Паэты і дрэвы
Змітра Дашкевіча затрымалі напярэдадні “Ночы расстраляных паэтаў” не проста так…
Адзін з маіх дзядоў не па ўласным жаданні трапіў на Калыму. Гэта не была турыстычная паездка. І не на заробкі ён туды з’ехаў. Проста цяжка адмовіцца ад пэўных прапановаў, калі твае пальцы ламаюць у дзвярах. Мой стрыечны дзед Коля паэтам не быў – быў простым вясковым хлопцам… Качагарам на чыгунцы. У нашых мясцінах з даўніх часоў людзі ідуць працаваць на чыгунку – традыцыя, ведаеце…
І па даносе вяскоўцаў трапіў у турму, а потым – на Калыму, дзе памёр ад тыфу. Так бы, канечне, год праз 10 вярнуўся, разам з іншымі таварышамі, на якіх таксама напісалі ілжывы данос. Майстэрства пісаць абы што абы пра каго і выдаваць гэта ўсё на шырокую аўдыторыю, як і пальцы ў дзвярах ламаць, дасягнула свайго росквіту ўжо ў нашы дні. Дастаткова зірнуць (адным вокам, а то рэзка на ваніты пацягне!) навіны БТ або адважыцца крыху пазнаёміцца з прапагандай суседзяў. Здаецца, цяжкія наркотыкі ўжываць (а тым болей распаўсюджваць!) – гэта справа незаконная… Ну, юрыдычная тэорыя і практыка вельмі часта ў нашых шэрых шыротах не супадаюць.
Здарылася нядаўна ў Смаргоні цікавая гісторыя. На выездзе з горада хтосьці смелы на вялікай хваіне ўздоўж шашы, на самым версе начапіў бел-чырвона-белы сцяг. Камунальнікі зняць не здолелі. Працаўнікі МНС таксама не дацягнуліся. У рэшце рэшт дрэва спілавалі і сцяг знялі. Мэта была дасягнута. Ці законна марнаваць столькі часу, высілкаў і грошай падаткаплацельшчыкаў дзеля аднаго сцяга? З’явяцца іншыя. Дрэвы так хутка не растуць – і тут ужо маем парушэнне экалагічнага заканадаўства.
Змаганне з дрэвамі, паэтамі і тымі, хто выпадкова трапіў пад руку, працягваецца. Правільны шлях вы выбралі, таварышы.