Паміж пустак, балот беларускай зямлі…



Тры дні запар сіноптыкі пужалі нас аранжавым узроўнем небяспекі па прычыне дажджу – іх прагнозы спраўдзіліся. “Вялікія” выходныя маглі стаць для беларусаў добрай магчымасцю добра адпачыць – не атрымалася.

Халады супалі з дажджамі і многіх прымусілі застацца дома… Адчуць сябе людзьмі дажджу, якія хаваюцца пад коўдрай і толькі там пачуваюцца камфортна, прыхапіўшы якую кніжку і смакотку з сабой… “Людзей на балоце” Мележа, напрыклад! Гэта ж пра нас, праўда? Ці не зусім? Праз Альманы – найбуйнейшы балотны комплекс у Беларусі – вядуць дарогу, якая парушае яго гідралагічны рэжым і нясе пагрозу мясцовай фаўне і флоры.

Дарогу вядуць, каб мясцоваму лясгасу прасцей было лес пілаваць. Лес на балотах дрэнна расце, але ж там ёсць план па вырубках і гэты план не выконваецца: бюджэт не далічвае грошыкаў. Затое грошыкі бюджэтныя раптоўна з’явіліся ў іншым месцы і іх паспяхова бухаюць у дрыгву… Каб план па нарыхтоўцы драўніны забяспечыць у лепшым выглядзе.

Палескі лясгас пачаў будаваць дарогу ў жніўні 2017 года, а сам праект, падрыхтаваны “Брэстдарпраектам”, прынялі яшчэ ў 2016 годзе. Грошы на будаўніцтва “Лесагаспадарчай дарогі № 3” выдзеліла Міністэрства лясной гаспадаркі. Шырокага грамадскага абмеркавання “праекта” (нечакана, праўда?) не было – эколагі даведаліся пра будаўніцтва выпадкова, калі працэс пайшоў. Новая дарога 14 кіламетраў ідзе па старой лясной дарозе, але і па жывым, некранутым балоце – таксама (6 км). Будаўніцтва трэба спыняць, але ці пачуе хто абаронцаў прыроды?

Альманы – унікальная экасістэма. Іронія лёсу ў тым, што грошы тут можна зарабляць менавіта гэтай адметнасцю, а не нарыхтоўкай драўніны сумнеўнай якасці, але… План ёсць план. На жаль, няму плану і “ўказіўкі” зверху па нарошчванні турыстычнага і разумовага патэнцыялу, а то ўжо былі б беларусы заможнымі і разумнымі. Паслухмяныя людзі дажджу і балот. І тут прыхаваны агромністы патэнцыял.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ