Паркі і дрэвы… на дровы
Сусветны дзень паэзіі 21 сакавіка лагічна-паэтычна супадае з Міжнародным днём лясоў і Днём дрэва ў Італіі… Бадай, цікавасць да дрэваў характэрная менавіта для старой добрай Еўропы, а мы час ад часу забываемся, што былі яе часткай…
Збігнеў Жакевіч ў сваім “Трыптыху Віленскім” цікава пісаў пра культуру паркаў: “Што можа параўнацца з велічнасцю старых прысядзібных паркаў? У іх ёсць памяць пакаленняў, свой уласны лад і прыхаваная сіла…” Бадай, вось гэта сіла і памяць пужаюць сучасных “шарыкавых”. Днямі здарылася чарговая непрыгожая гісторыя, звязаная з непрадуманай высечкай старых дрэваў у не менш старым парку.
Сядзіба Храптовічаў на Наваградчыне добра вядомая з XVIII ст. Ужо ў 21 ст. сядзібу пачалі аднаўляць, але ў адзін цудоўны дзень… Начальства дало дабро на высечку 20 старых дрэваў у парку і падначаленыя перастараліся. Перавыканалі нормы: папілавалі не 20 дрэваў, а значна болей – ды не толькі старыя. У прыватнасці, такую карціну застала і напісала пра яе ў сваім фэйсбуку Ганна Булда – кіраўнік Мясцовага культурна-асветніцкага фонду “Шчорсы і Храптовічы”. Фонд займаецца аднаўленнем сядзібы, дзе і зараз налічваецца прыкладна 200 відаў рэдкіх раслінаў.
Аператыўна падключыліся журналісты, чыноўнікі абяцаюць разабрацца, але дрэваў ужо не вернеш… Застаецца зноўку згадаць Жакевіча, які пісаў, што “паркі падзялялі лёс маёнткаў, і калі маёнтак гарэў падчас чарговай вайсковай завірухі, сялянскага руху ці бунту, то пад сякеру ішлі шляхетныя дрэвы…” Няма дрэва – няма і памяці. Так жыць лягчэй
Ад палацу Храптовічаў засталіся адно падмуркі – дрэвы пакуль стаяць.