Пару словаў пра ідыш па-беларуску…



У лютым месяцы на Смаргоншчыне адбылася неардынарная імпрэза, што нагадала чарговы раз габрэйска-беларускія літаратурныя сувязі… Вечарам аднаго шэрага панядзелка ў раённую бібліятэку завітаў “Панядзелак” Мойшэ Кульбака, а таксама яго ж раман “Месія з роду Эфраіма”.

Таленавіты і вядомы ва ўсім свеце літаратар жыў у Вільні і Менску, напісаў шмат твораў на ідыш, быў рэпрэсаваны і забіты ў трагічную ноч 29 кастрычніка 1937 года… Нарадзіўся Кульбак у Смаргоні, сюды ж яго кнігі прывёз перакладчык і літаратар Сяргей Шупа.

Так атрымалася, што ў гэтыя лютаўскія дні не стала іншага вядомага навукоўца-габрэя –Тэадора Шаніна. Пасля арышту бацькі у 1940 годзе Шанін паехаў у ссылку разам з маці, на Алтай… Малую сястру пакінулі з дзедам у Вільні, баючыся, што тая не зможа выжыць на Поўначы. Дзяўчынка прапала назаўжды ў віленскім гета.

Беларусь стала небяспечным месцам спачатку з-за саветаў, а потым з-за фашыстаў. Дачку Мойшэ Кульбака Раю выратавала эвакуацыя (сына забілі фашысты), а Тэадора Шаніна – высылка. Вось такая дзіўная гісторыя пра беларуска-габрэйскія сувязі. Адна з тысяч… Іронія лёсу ў тым, што ў многіх беларускіх і габрэйскіх літаратараў, навукоўцаў і людзей простых быў шанец з’ехаць за акіян і… выжыць. Не змаглі скарыстацца? Не захацелі? Бадай, ніхто не мог паверыць, што з імі здарыцца штосьці дрэннае ў той новай дзяржаве, дзе ўсё пачыналася з чыстага ліста. Быццам новае жыццё з панядзелка. Яны ж нікому не жадалі зла! Не, яны рваліся ў СССР будаваць новы свет. У прыватнасці, Мойшэ Кульбак прыехаў сюды ў 1928 годзе з Вільні. Кіраўнік сусветнага габрэйскага ПЭН-клуба, супрацоўнік габрэйскага сектара АН БССР – велічыня! Вырваўся са старога свету ў новы – і раптоўна прапаў у канцы 1930-х… Сёння вяртаюцца кнігі на ідышы ў перакладзе на беларускую.

Адна мова знікла разам са сваімі носьбітамі, а іншая пакуль трымаецца… І той, і другой апякуюцца апантаныя кніжнікі-энтузіясты. Добра, што не ўсе рукапісы можна спаліць.     

Беларускае Радыё РАЦЫЯ