Пару словаў пра навіны нашай краіны
У нашай краіне паболела людзей, якія павінны будуць плаціць за першую і адзіную сваю кватэру падатак. Паболела і экстрэмістаў з-за прызнання такім аднаго з папулярных спадарожнікавых тэлеканалаў (а таксама – усіх яго сацыяльных сетак!).
І ўсё ж ці стане болей народу перасяляцца з гарадоў у правінцыю? Наўрад ці. І не стане болей гледачоў у дзяржаўнага ТБ. Па той простай прычыне, што лозунг “Дзяржава – гэта я” не можа заставацца надалей папулярным. Беларусы даволі эгацэнтрычныя ў масе сваёй людзі. І стомленасць ад папулярызацыі адной асобы ў дзяржаве наваліся на іх чугуннай плітой незадаволенасці, прыгінаючы да зямлі, але не згінаючы на 100 %. Багна пружыніць і няпроста здагадацца, што будзе тут заўтра. Дзе мы прачнемся. Што ўбачым на экранах.
У Расеі быў распачаты чарговы лакдаўн з мэтай супыніць распаўсюд трагічнай “дэльты”, а ў нас масава згортваецца масачны рэжым. Да вакцынацыі таксама ніхто і нішто не змушае, хоць магчымасці кантраляваць суграмадзянаў у дзяржавы самыя шырокія. Таму адзінае спадзяванне на восеньскія школьныя вакацыі, якія тармазнуць тую самую дэльту.
Паменела ў нас дактароў, што стварыла даволі небяспечную сітуацыю не толькі ў плане каронавірусным… Паменела адвакатаў, і гэта стварае праблему і для палітычных вязняў, і для тых, хто вырашыў ісці ў суд з іншай праблемай… Папулярная пазіцыя “Мая хата з краю” трашчыць па швах – хата стаіць на багне.