Пару словаў пра шведаў і беларусаў…



У Еўропе застаюцца дзве краіны, якія пакуль не ўводзілі сапраўдны каранцін па прычыне эпідэміі каронавірусу – Швецыя і Беларусь. Што будзе далей? Час пакажа.

Прычыны не ўводзіць карантын у кожнага свае. Шведы зрабілі стаўку на эпідыміёлагаў і асабістую адказнасць дарослага грамадзянаў. Безумоўна, і сярод навукоўцаў ёсць розныя погляды на праблему, таму палітыкі вагаюцца разам з навукоўцамі – і ўсе з хваляваннем адсочваюць статыстыку. Бадай, гэта правільна, калі палітыкі прыслухоўваюцца да эпідыміёлагаў, вірусолагаў, медыкаў, навукоўцаў, а не наадварот… І нельга сказаць, што шведы не думаюць пра эканоміку… Вось мы не прыслухоўваемся да медыкаў, спадзяемся, што нас бяда абыдзе, а каранцін, безумоўна, дазволіць сабе не можам. Затое пафасныя праекты тыпу парадаў і “славянскіх базараў” – можам! Страшна падумаць, колькі грошай пойдзе на ўсё гэта і колькі людзей – асабліва сталых людзей з групаў рызыкі – падхопіць інфекцыю ў працэсе правядзення масавых мерапрыемстваў. Затое”смела” ходзім без масак – захоўваем твар… Дзіўны гэты свет.

У многіх старэйшых беларусаў прысутнічае моцнае жаданне з’ехаць з вялікіх гарадоў і засесці з унукамі дзесьці на хутары, у вёсцы… Паміж пустак, лясоў і балот… Тут ёсць свая логіка і свая рызыка: дзяцей прыдзецца трымаць на каранціне аж да лета (у лепшым выпадку!) без кантактаў з іншымі дзецьмі, што па сутнасці немагчыма… Бадай, шведы адрозніваюцца ад нас большай аўтаномнасцю. Па сеціве ходзіць жарт пра тое, што трымаць дыстанцыю ў два метры  і прасіць не варта было – без праблем і нават з радасцю шведы вытрымаюць і падтрымаюць самаізаляцыю! Нават з унукамі ім прасцей трымацца на адлегласці, але тут улады вырашылі перастрахавацца. Дыстанцыйна вучацца толькі старэйшыя школьнікі і студэнты: малодшыя наведваюць дзіцячыя сады і школы ў той час, як мама і тата працуюць… Дыстанцыйна. Трымаемся на адлегласці, паважаем адзін аднаго, абыходзімся без каранціну… Пры такім раскладзе – гэта разумны падыход.

У беларускай сітуацыі сумесь складнікаў “не каранціну”, на жаль, не такая стабільная.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ