“Пазітыўная” кава



Апошні дзень лютага – гэта Міжнародны дзень рэдкіх захворванняў… Сёлета год не вісакосны, таму пазначаем дату 28 лютага… Вастрыня пытання ад гэтага не змяншаецца.

І ўсё ж апошнім часам у Беларусі паболела інфармацыі пра людзей з інваліднасцю. У тым ліку і пра людзей з рознымі рэдкімі захворваннямі. Яшчэ год 10 таму остэагенэз, міяпатыя або СМА былі эксклюзіўнай фішачкай, а цяпер пра людзей з такімі праблемамі пішуць і кажуць даволі шмат. Прэса, блогі, ТБ… Вазочнікі сталі часцей выбірацца на вуліцу, а невідушчыя людзі маюць больш тэхнічных магчымасцей жыць поўна і актыўна. Прагрэс не стаіць на месцы: сучасныя гаджэты і элементы безбар’ернага асяроддзя робяць жыццё людзей з інваліднасцю больш пазітыўным і простым. 

Іншая справа, ці падтрымлівае дзяржава людзей з інваліднасцю. Мінімальна – так. Прыватная ініцыятыва хутчэй вітаецца. Хочаце сабраць грошай на аперацыю? Збірайце! Патрэбен новы вазок? Супер! Але без нас… І ведаючы жаданне чыноўнікаў кантраляваць усё пад сонцам, разумееш: не перашкаджаюць – ужо плюс. Вырашэнне вашых праблемаў – ваша асабістая задача. Ок. І вось 2013 годзе з’явілася новая грамадская арганізацыя – “Геном”. Аб’ядналіся бацькі хворых дзетак і дарослыя людзі з рэдкімі нервова-мышачнымі захворваннямі. Сталі піярыць сябе, змагацца за патрэбныя тэхнічныя штукі, якія робяць жыццё актыўным, а падчас – проста магчымым. І гэта здорава.

Хвароба змяняе жыццё, але хвароба – яшчэ не ўвесь чалавек… Заставацца аптымістам дазваляе такі смачны і вясёлы праект, як “Інклюзіўны барыста”. “Інклюзіўны барыста” – аўтарскі праект Сашы Аўдзевіча, добра вядомы вазочнік з Ліды. Распавядае праект пра… каву. Мастацтва гатавання кавы. Тэорыя і практыка. “Барыста” даказвае, што чалавек з інваліднасцю можа быць на роўных і ён можа працаваць барыста… Цяпер праект з водарам кавы і роўных магчымасцей прыехаў у Маладэчна.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ