Пераключыць тумблер
У беларускім фэйсбуку толькі і размоваў, што пра мігрантаў… Шкадаваць або не? Дапамагаць або пачакаць? Тым часам мы трохі забыліся пра свае праблемы… Або хтосьці хацеў, каб мы забыліся? Хтосьці захацеў пераключыць тумблер. Ці варта?
Радыё Свабода і Беларускі ПЭН абвясцілі сем пераможцаў прэміі імя Францішка Аляхновіча за творы, якія грунтуюцца на асабістым аўтарскім турэмным досведзе.
У 2021 годзе лаўрэатамі сталі:
Андрэй Аляксандраў. Вершы з-за кратаў.
Аляксандр Васілевіч. “Папа и пингвин”. Казкі пра ўнутраную свабоду, напісаныя ў Менскім СІЗА.
Максім Знак. Цыкл турэмных вершаў.
Вольга Калацкая. Турэмны дзённік (змешчаны ў фэйсбуку).
Святлана Купрэева. Цыкл турэмных вершаў.
Мікола Папека. Цыкл турэмных вершаў.
Андрэй Скурко. Казкі і вершы для сына.
Прэмія заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Радыё Свабода… І яна носіць імя драматурга і рэжысёра Францішка Аляхновіча (1883-1944), аўтара кнігі «У капцюрох ГПУ» – “першапраходца”, які распавёў свету пра савецкі ГУЛАГ.
Ад пачатку прэмія ўручалася 10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека. Летась арганізатары вызначылі новую дату абвяшчэння лаўрэатаў — 15 лістапада, у сусветны Дзень зняволенага пісьменніка. Прэмія ўручаецца аднойчы, журы можа вырашыць не ўручаць прэмію, калі ў нейкі перыяд не з’яўляліся новыя творы турэмнай літаратуры. Бадай, не было таго перыяду ў Беларусі, каб не было ў нас творчых людзей у няволі…
Свет асобы падчас пераўтвараецца ў турму. Тут розныя прычыны і ёсць розныя варыянты збегчы. Хтосьці ляціць у новы або стары свет, а хтосьці сыходзіць у свет слова. Галоўнае – паважаць іншых людзей на абраным шляху.