“Поле цудаў”
Святы Мікола прыносіць падарункі не ўсім дзецям, а толькі тым, чые бацькі паспелі падрыхтаваць цуды… Пра Раство і Новы год можна сказаць тое ж! Усе нашы праблемы і крыўды паходзяць менавіта з дзяцінства. Пра гэта не раз казалі і псіхолагі, і дзіцячыя пісьменнікі… Праўда жыцця, спадарства, – не адкруцішся!
Глядзіш на некаторых вядомых палітыкаў і разумееш, што шчаслівы з дзяцінства і самадастатковы чалавек не пойдзе ў гэту сферу ні за што… Хіба батан-выдатнік пад цяжарам адказнасці – такога самаго шкада! Але часцей за ўсё шкада тых, хто вымушаны жыць не ў самыя простыя часы і трываць уладу не самых пазітыўных персанажаў.
Безумоўна, у нас усё добра. Вось у суседа… Не, з каровай усё добра таксама, а прэс-канферэнцыя кіраўніка іх дзяржавы прайшла неадназначна. Бадай, па значэнні можна параўнаць з праграмай “Поле цудаў”, папулярнай у некаторых беларусаў яшчэ з савецкага часу… Ідэя па сутнасці неблагая – развіваем інтэлект і разгадваем словы з розных сфераў… Але з часам усё пераўтварылася ў раздачу прэзентаў спадару Якубовічу, прывітанні родным і атрыманне прызоў. Бясконцыя грыбочкі, пірагі і гуркі – смеху варта! Падчас трапляюць на гульню і беларусы. Трапіў на прэс-канферэнцыю спадара Пуціна такі “журналіст” з РБ. Прывітанне з Гомеля перадаў, кнігу падарыў і ў госці запрасіў… Пытання як такавога не прагучала (на мерапрыемстве ўвогуле нармалёвых, адэкватных пытанняў было мала – болей кампліментаў і просьбаў!) Напярэдадні інтэграцыйнай сустрэчы 20 снежня ўсё гэта выглядала проста як даніна павагі… Не, проста як даніна ўладару дзяржавы. Пакуль – суседняй.
Добра вядома, што людзі, якія доўга жывуць побач, робяцца падобнымі знешне і ўнутрана. Ці можна так сказаць пра суседзяў? Узровень дыскусіі, працягласць сустрэчы, нелюбоў да крытыкі – усё так. Да поўнага зліцця ў адзіным парыве пакуль не дайшло. Што будзе далей – пабачым…
Нешчаслівыя дзеці вырастаюць і робяць нешчаслівымі іншых. “Будучыня свету вырашаецца ў дзіцячым пакоі” – Астрыд Ліндгрэн 1000 разоў мела рацыю.