Посткаляднае



У Беларусі няма доўгіх калядна-навагодніх вакацый, але ўсё роўна пачынаеш адчуваць дзіўную сумесь дэдлайну і рэлаксу яшчэ 24-га… І працягваецца гэта ўсё ладную долю студзеня года новага! Няпроста распачынаць працоўныя будні і новыя праекты, няпроста распачынаць новы год, асабліва калі з ім цягнуцца старыя “даўгі”…

Першаму з абураных каментатараў па сумна вядомай справе, якую непажадана называць услых, далі два гады калоніі. На жаль, такіх людзей будзе шмат. Для кагосьці гэта чужыя людзі, за якіх душа баліць, а камусьці – родныя і блізкія, сям’я… Мір насамрэч цесны… І вось так супала, што даводзіцца назіраць за інстаграмам адной цікавай жанчыны, якая піша пра моду, настолкі, кнігі і музыку, пра падарожжы (яны заўжды разам з мужам падарожнічалі…) І вось яе мужа арыштавалі, але ж жыццё працягваецца і паміж перадачамі ў турму, пра якія яна таксама піша ў блогу, жанчына працягвае пісаць пра кнігі і кіно… І ты спачатку не ўспрымаеш такі кантэнт на яе старонцы, а потым разумееш – гэта ж ратуе псіхічнае здароўе і жыццё! І гэтай сталічнай блогеркі, і тваё, бо немагчыма думаць толькі пра тое, што непасрэдна з намі адбываецца, асабліва калі ты не можаш змяніць абставіны. Ты можаш змяніць сваё стаўленне да абставінаў.

Адчай і роспач яшчэ нікога не выратавалі, а вось жаданне жыць і трымацца, пратрымацца да лепшых часоў – гэта спрацоўвае. Гэта заўжды спрацоўвае. Мэта. Жаданне дачакацца мужа або сына з турмы. Мэта – прачытаць кнігу, даглядзець кінастужку, убачыць фінал… І тут вельмі дарэчы табе на вочы трапляе апошняе інтэрв’ю Святланы Алексіевіч (https://www.dw.com/ru/svetlana-aleksievich-o-novoj-belarusi-nadejus-poka-napishu-knigu-final-nastupit/a-60335251?maca=rus-Red-Telegram-dwbelarus ): «Ня трэба зашывацца ў кокан бяссілля, трэба рыхтавацца да новага часу». Развівацца – чытаць, глядзець, вывучаць новае… Толькі гэта і можа ўратаваць нас і нашых блізкіх.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ