Пра чалавечы фактар і здаровы сон



Бадай, у любой сітуацыі спрацоўвае чалавечы фактар. У розных сітуацыях розныя людзі паводзяць сябе па-рознаму…

Нашы «ўніверсітэты» таксама накладваюць адбітак на наш побыт… Неаднаразова судзімы жыхар Віцебска вырашыў адзначыць свой дзень народзінаў нестандартна (або звыкла – хто ж яго ведае?): пайшоў у салон сувязі і адкрыта сцягнуў выставачны асобнік мабільнага тэлефона… Сам сабе падарунак не зробіш – хто ж пра цябе парупіцца? Усё лагічна, толькі падарунак апынуўся муляжом на 8 рублёў роўненька. Не варта было і напружвацца, гуляць у шпіёнаў ды рабіць выгляд заможнага кліента, які старанна разглядае сучасныя гаджэты… Недарэка-імяніннік схапіў першы лепшы «мабільны» ды збег. Прадаўцы патэлефанавалі ў міліцыю. Тут і выявілася, што знік з прылаўка менавіта муляж.

Тым часам злачынца старанна блытаў сляды і хаваўся ад следчых, нават жыў пару дзён на здымнай кватэры, але ўрэшце быў затрыманы. Распачатая крымінальная справа за рабаванне… Ці варта было псаваць сабе жыццё з-за муляжа? Можна было выйсці на працу на пару дзён і ўзяць тэлефон у растэрміноўку (мінус «рамантыка»!) Магчымыя згрызоты сумлення пакінем за дужкамі.

Іншы персанаж літаральна змучыўся і скрадзенае аддаў назад з прабачэннямі… Праз 30 год. Гісторыя здарылася ў іншых шыротах. Туманны Альбіён. Вёска Цілбі. Лінкольншыр. Тут прапалі дзве карабельныя гарматы 19 ст., але адна з іх была вернутая праз 30 год з прабачэннямі. Ананімна. Таемны злачынца напісаў, што калісьці спакусіўся і разам з таварышамі забраў тое, што яму не належала… І гэта не давала яму нармальна спаць шмат год… Думаецца, англічанін прачытаў новае даследаванне, дзе размова ідзе пра рызыку Альцгеймера ад недасыпу…

Усе б так адсочвалі навіны медыцыны – глядзіш, жыццё ішло б у больш пазітыўным і правільным рэчышчы! Здаровы сон – наша ўсё! Асабліва пятніцай 13 снежня…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ