Пра “Грынча”, які хацеў скрасці Каляды…



Раство і Новы год – цудоўны шанец паспець дарабіць важныя справы і сказаць харошыя словы сваім родным, сябрам, калегам, вучням… Шанец праявіць дабрыню, спагаду і шчодрасць… Хай сабе ў буднія дні ты такі сабе злосны Скрудж з дзіснэеўскіх мультфільмаў – адчуй дух Раства! Працуе? Не заўжды і не з усімі, шаноўныя…

Надарылася адна антыкалядная гісторыя ў адным невялічкім раённым горадзе. Спартовы гурток, секцыя, калектыў… Сутнасці справы назва не змяняе, ды і шмат такіх у Беларусі. Строгі трэнер і дзяўчаткі, што імкнуцца скрозь церні да зорак і спрабуюць быць лепшымі. У многіх атрымліваецца выступаць добра і дома, і ў іншых гарадах – калектыў на добрым рахунку, бярэ шматлікія прызы, узнагароды, але чамусьці старэйшыя вучаніцы паступова сыходзяць з узорна-пакзальнага калектыву… Ды і малыя на іх глядзяць… Вучоба, лянота, драйву не хапае?

Спорт – гэта гераізм, шаноўныя, а для перамогі нічога не шкада! Савецкая агітка? Ды не, метад працы некаторых трэнераў. Можа, так і трэба? Сучасных дзяцей вельмі цяжка адарваць ад сучасных гаджэтаў ды заахвоціць чымсьці па-за межамі дома… варта на іх націснуць аўтарытэтам! Але ўсё добра ў меру, асабліва пад канец года, калі трэба падцягнуць адзнакі за чвэрць па матэматыцы і мовах. Падчас прыходзіцца прапускаць заняткі… Спорт – гэта важна, але гэта ж не ўсё жыццё, праўда? Безумоўна, трэнера варта папярэдзіць. І вось вучаніцы-спартсменкі напісалі кантрольныя, падцягнулі «хвасты» па вучобе і радасна прыляцелі ў сваю любімую секцыю, плануючы займацца на вакацыях таксама… Напярэдадні Раства.

І што ж яны пачулі ад строгага трэнера? Ды тое, што спорт і паказальныя выступленні – гэта наша ўсё, даражэнькія, а астатняе – вашы праблемы, бацькі і дзеці! Матэматыка – рэч не самая важная! Ігнор і хамства перад Калядамі – ці педагагічна гэта? Безумоўна, не, але размаўляць пра правы дзіцяці з педагогам, які не ведае, што гэта такое і з чым яго ядуць – глупства і дарэмная трата нерваў. Лепш сысці? Гэта Беларусь, дзетка! Сыходзяць моўчкі. Пытанне – хто застанецца побач з трэнерам, што мае непамерныя амбіцыі і строгія патрабаванні… да іншых. Піяр і антыпіяр у малых гарадах працуюць аператыўна, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ