Пра крывадушша і каронавірус



Лепшы сродак абароны – нападзенне! Так вельмі часта ў нас здараецца апошнім часам у жыцці грамадска-палітычным, калі агрэсіўна настроены слой грамадства пачынае нападаць на людзей інтэлігентных і ўраўнаважаных… Але з каронавірусам не спрацавала.

Была выбрана іншая стратэгія барацьбы! Адмаўленне. Прызнанне. Паступовае прыняцце. Змаганне. Паўза. І вось калі зірнуць на прамінулае лета, то паўза ў змаганні з эпідэміяй каронавірусу расцягнулася. Можна было б паднаціснуць прапагандай і падвысіць паказчыкі вакцынацыі, але не! І масачны рэжым пакінулі на сумленні той самай свядомай ды інтэлігентнай часткі грамадства… І чалавек у масцы ў грамадскіх месцах ці то Смаргоні, ці то Гародні, ці то Менску быў папросту белай варонай і адчуваў сябе поўным дурнем сярод разумных, якія нічога  і нікога не баяліся.

Распачаўся навучальны год. Пра дыстанцыйную форму навучання ў нас паразмаўлялі і забыліся ў самым пачатку эпідэміі ў 2020-м. У нас жа ўсё добра было і будзе, праўда? Але чамусьці  масава пачалі хварэць педагогі і дзеці… Атрымаць медыцынскую даведку онлайн? Фантастыка! Шыбуйце ў амбулаторыю, спадарства! І малыя, і старыя, і людзі сярэдняга ўзросту! І толькі 15 кастрычніка школьнікам і студэнтам дазволілі не прыносіць даведкі, калі яны прапусцілі не больш за пяць дзён з-за хваробы. Правіла будзе дзейнічаць у перыяд высокага ўздыму захворвання віруснымі інфекцыямі. Мэта названая – змаганне з распаўсюдам каронавіруса. Дзякуй, што прызналі праблему і далі пяць дзён пасядзець дома. Прагрэс.

У Беларусі  стала на дзіва шмат антываксераў. Дзяржаўная прапаганда пачала ціснуць на беларусаў: маўляў, прышчапляйцеся, шаноўныя! А ў іх адваротная рэакцыя. Вельмі шкада, што пад гэту хвалю непрыняцца вакцынаў трапілі пажылыя, хворыя і цяжарныя: яны рызыкуюць найбольш.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ