Пра пост, мігрантаў і кнігі



Распачаўся Адвент у каталікоў і перадкалядны пост у праваслаўных. Піліпаўка. За вокнамі – шэрань. Палітычныя вязні ў турме, астатні кантынгент – умоўна – на волі!

Электарат у шэрых прыцемках пачынае разважаць на тэму “Чаму злосныя палякі не пускаюць бедных мігрантаў у Германію?” І ніхто пры тым не задумваецца, чаму ж беларусы беларусаў нікуды не выпускаюць… Яно і насамрэч, навошта беларусу ў тую Германію? На Сахалін можна, а ў Германію – нельга ад слова зусім. Бедныя людзі.

СССР быў самай чытаючай дзяржавай не ад добрага жыцця, а па той простай прычыне, што выйсці за межы перыметра дзяржаўнай мяжы можна было адно па блату, таму людзі, не маючы інтэрнэту (а быў бы – яго б забаранілі або прафільтравалі!), сыходзілі ў прыдуманы свет літаратуры. Літаратура і ў наш час, у нашых постсавецкіх ландшафтах для многіх людзей – сыход з негатыву ў іншы свет! У накладах гэта не моцна адлюстроўваецца, але свет чытачоў і аўтараў – іншы свет.

Уладзімір Някляеў распачаў серыю прэзентацый свайго рамана ў Польшчы. У Беларусі выдаць кнігу пра Купалу магчымасці не было – і раман “Гэй Бэн Гіном” быў выдадзены ў  Польшчы фондам Камунікат.

Таня Скарынкіна з кнігай «Райцэнтр» стала лаўрэатам прэміі Гедройца і заняла другое месца. Кніга – гэта зборнік эсэ пра родны горад пісьменніцы – Смаргонь.

Смаргоншчына літаратурная адкрытая свету… Іншая Смаргоншчына жыве сваім жыццём. Спакойна і стабільна.   

Беларускае Радыё РАЦЫЯ