Пра суседа пару словаў



Падчас праглядаеш навіны і не адразу разумееш – фэйк гэта або праўда жыцця. Усё здараецца, але новая тэлеперадача на дзяржаўным канале “Расея – 1” – рэальнасць (у нашых суседзяў!)

Рэйтынг Уладзіміра Пуціна значна знізіўся – піяршчыкі кіраўніка дзяржавы вырашылі тэрмінова ратаваць сітуацыю. Штотыдзень распавядаць падданым… Выбачайце, падаткаплацельшчыкам! Распавядаць, чым займаўся спадар прэзідэнт. Паляванне, рыбалка, падарожжа, сустрэча з дзецьмі або пенсіянерамі – усё будзе паказана і расказана найлепшым чынам у перадачы “Масква. Крэмль. Пуцін”. Па нядзелях. Першы выпуск адбыўся.

У той самы час суседзі не даюць магчымасці выказацца і распавесці пра свае справы іншаму палітыку. Апазіцыянеру Аляксею Навальнаму. Навіна? Не навіна, але тут ужо размова ідзе не пра тэлебачанне, а пра сеціва – прастору свабоды яшчэ ўчора. Расейскія ўлады запатрабавалі ад Google не даваць пляцоўку Навальнаму, маючы на ўвазе інфармацыю, што распаўсюджваецца праз YouTube. Цэнтрвыбаркам накіраваў адпаведны афіцыйны ліст выканаўчаму дырэктару Google. Навальны яшчэ ў пачатку жніўня заявіў пра намер правесці 9 верасня мітынг у цэнтры Масквы супраць падвышэння пенсійнага ўзросту. У той самы дзень пройдуць выбары мэра сталіцы. Суседзі ў прадчуванні барыкадаў?

А што ў нашых землях? А ў нас – кіно… І гэта не жарт. На “Беларусьфільме” прайшла прэс-канферэнцыі з удзелам генеральнага дырэктара Уладзіміра Карачэўскага. Было сказана шмат добрага і цікавага пра мастацтва здымаць, але самае  важнае, бадай, іншае. Адчуйце інтрыгу. Нашым кіно зацікавіўся не толькі Кітай, але і Паўночная Карэя. Спадар Карачэўскі распавёў, што менавіта пасля паездкі айчыннай дэлегацыі ў КНР намі зацікавіліся карэйцы. І прапанавалі ўзяць дзве беларускіх кінастужкі на іх фестываль. Адназначна гэта поспех, спадарства.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ