Пралетарыі ўсіх краінаў, яднайцеся!



Праваслаўны Вялікдзень сёлета супаў са святам усіх працоўных, што старанна ядналіся калісьці… І большасць з іх потым пераўтварыліся з палымяных барацьбітоў за светлую будучыню камунізму ў не менш палымяных “вернікаў”. Адчулі трэнд.

Вялікдзень святкуецца чатыры дні… Адпаведна першыя чатыры дні траўня вольныя ад сельскагаспадарчых працаў. Потым паўза ў адзін дзень, а потым Юр’е. Калі ж бульбу садзіць, шаноўныя? І цеплыня прыйшла ў нашы шыроты! Пара брацца за працу! Тым болей, дармаедства ў нас не заахвочваецца. Тут мы ідзем старым добрым савецкім курсам… Можам нават юбілей змагання адзначаць!

Роўненька 55 год таму Прэзідыум Вярхоўнай Рады СССР прыняў указ  “Аб узмацненні барацьбы з асобамі, што ўхіляюцца ад грамадска-карыснай працы…” І штосьці там яшчэ было пра паразітычны, буржуйскі такі  лад жыцця, да… Фармулёўка ўказу доўгая, не для радыё! Не працуеш больш чатырох месяцаў на працягу года – і ўсё, ты дармаед паганы, крымінальны элемент. Можна было быць хатняй гаспадыняй за савецкім часам і сядзець дома з дзецьмі (без дзяцей – ніяк!), а вось паэтам быць ці паэтэсай (па-за межамі саюзаў!) – нельга, недаравальна проста! Гісторыя паўтараецца. Ці паўторыцца феномен Бродскага?

Перагібы таксама здараюцца. Аднаго берасцейца, што старанна працуе ў хімічнай лабараторыі ды падпрацоўвае не менш афіцыйна, пішучы курсавыя працы і займаючыся рэпетытарствам, запісалі ў дармаеды. Як так атрымалася? Аформіў наш хімік ІП. Спецыялізацыя – напісанне курсавых ды рэпетытарства. Штомесяц насіў справаздачы ў падатковую інспекцыю. І ўсё роўна ледзь не стаў дармаедам. Чалавек спужаўся, але падаткавікі супакоілі: яны проста не паспелі атрымаць інфармацыю пра адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Хацелі як лепш… Папярэдзіць.

Папярэджаны, значыць, узброены?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ